Вароны вучацца пазбягаць пагроз дзякуючы мёртвым суродзічам

 

Тады як большасць відаў жывёл пазбягае месцаў, дзе адбылася смерць прадстаўніка таго ж віду, аказалася, што некаторыя віды птушак могуць выкарыстоўваць цікавасць да такіх месцаў каб зразумець прычыны смерці і, магчыма, выявіць новыя віды драпежнікаў ці важныя абставіны, якіх варта пазбягаць.

Амерыканскія вароны (Corvus brachyrhynchos), на якіх на працягу доўгага часу праводзілі эксперыменты ў прыродных умовах, адказвалі на смерць прадстаўнікоў свайго віду моббінгам (mobbing) для прыцягнення ўвагі іншых суродзічаў, вывучаючы драпежнікаў на невялікай адлегласці ад мёртвых варон, а таксама іншых патэнцыйных забойцаў.

Вароны і іншыя прадстаўнікі космапалітычнага сямейства крумкачовыя Corvidae нездарма лічацца аднымі з найбольш разумных прадстаўнікоў дзікіх жывёл – не толькі птушак. Яны выдатныя вырашальнікі праблем, яны могуць ствараць і выкарыстоўваць прылады, акрамя гэтага, яны могуць ствараць параўнальна складаныя сацыяльныя групы.

На працягу двух гадоў у больш, чым 100 месцах у прыродных умовах штата Вашынгтон (ЗША) даследчыкі з аднайменнага ўніверсітэту застаўлялі ежу для мясцовых гняздуючых варон. Перад тым, як дазволіць птушкам карыстацца з гэтай ежы, 25 людзей-валанцёраў, якія апраналі маскі і часта мяняліся, стаялі каля прынады.  

Маскі апраналіся для таго, каб вароны не змаглі запомніць рысы твару людзей і, фактычна, выступалі штораз як новая патэнцыйная пагроза для птушак. Раней было даказана, што ў крумкачовых птушак вельмі развіты гіппакапм (hippocampus) – частка мозгу, адказная за памяць, і яны могуць запамінаць параўнальна вялікую колькасць індывідуальных жывёл (у тым ліку людзей), якіх яны ўспрынялі як пагрозу ці не. Аднак калі тая жывёла, якую птушкі раней лічылі пагрозай для сябе ці патомства з’явіцца ў полі іх зроку ізноў праз нейкі час, існуе вельмі вялікая імавернасць, што яго ўспомняць.

Пад час эксперыментаў валанцёраў прасілі стаяць каля ежы з прэпараванымі птушкамі (скуркамі) розных відаў: шызага галуба (Columba livia), амерыканскай вароны або ямайскага канюха (Buteo jamaicensis) (драпежніка, які палюе на варон), альбо з пудзілам у выглядзе мёртвай вароны каля “жывога” канюха. Для кантрольнай групы валанцёры стаялі зусім без скурак і пудзіл. Яшчэ адна група варон магла карыстацца з дадатковай ежы без усялякага турбавання людзьмі ці пудзіламі.

Як толькі якая небудзь варона бачыла мёртвую птушку свайго віду, яна амаль заўсёды пачынала крычаць каб прыцягнуць увагу іншых варон, звяртаючы іх увагу на пагрозу – такія паводзіны вядомыя таксама як “scolding”. Падобную, але нават больш інтэнсіўную рэакцыю варон выклікалі і пудзілы канюха з варонай-“ахвярай” побач.

Як аказалася, найбольшую ўвагу варон прыцягвалі мёртвыя асобіны менавіта свайго віду – людзі, якія трымалі мёртвых галубоў правакавалі вельмі слабую рэакцыю і ўвагу птушак.

Аднак найбольш цікавымі аказаліся вынікі па даўгатэрміновасці ўспрыняцца пагрозы  пераносу яе на чалавека. Як толькі замаскаваны валанцёр пачынаў успрымацца як пагроза з-за таго, што толькі аднойчы трымаў мёртвую варону або, асабліва, калі стаяў побач з пудзілам канюха і мёртвай варонай, у наступныя разы нават без усялякіх дадатковых “прынадаў” у руках ці побач з сабой такі чалавек у той жа масцы ўспрымаўся як важная пагроза для варон на працягу да 6 наступных тыдняў.

Такім чынам, вароны здольныя атрымліваць карысць нават ад мёртвых суродзічаў.

Крыніца:

Swift K. N., Marzluff J.M. Wild American crows gather around their dead to learn about danger. Animal Behaviour 109, November 2015, Pp. 187–197 doi:10.1016/j.anbehav.2015.08.021

Паводле www.iflscience.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак з www.avise-birds.bio.uci.edu

 

На гэтую тэму:

Птушкі таксама развітваюцца з памерлымі

Гэтая сарока ведае Вас?

Шэрыя вароны аказаліся не глупейшымі за чалавека

ВАРОНЫ ДАПАМАГАЮЦЬ АДНА АДНОЙ У ПАТРЭБЕ

НОВАКАЛЕДОНСКІЯ КРУМКАЧЫ ЗНОЎ ЗДЗІВІЛІ НАВУКОЎЦАЎ

РАЗУМНЫЯ ГРАКІ ПАЦВЕРДЖВАЮЦЬ СТАРАЖЫТНУЮ БАЙКУ

НОВАКАЛЕДОНСКІЯ КРУМКАЧЫ МОГУЦЬ ВЫКАРЫСТОЎВАЦЬ ТРЫ ПРЫЛАДЫ ЗА АДЗІН РАЗ!

 

 

Comments

Была на гэтым сайце размова аб тым, ці разумнейшыя крумкачы за варон. Як крытэрый ступені разумнасці бралі звычай суседнічаць разам з чалавекам - калі птушка змагла прыставацца жыць ля чалавека, значыць, яна разумнейшая. І нехта казаў, што вароны. такім чынам, разумнейшыя, бо паўсюль перабраліся ў гарады (у межах Беларусі). Магу выказаць сваю думку. Я заўважаў, што на крумкачоў вароны і гракі рэагуюць вельмі агрэсіўна, як на больш небяспечных драпежных птушак, і праганяюць іх, часта зграяй, асабліва ў перыяд гнездавання. Менавіта гэта можа быць прычынай таго, што крумкачы ў гарадах не гняздуюць, бо там ужо пасяліліся вароны. У той жа час, вароны пазнікалі на гнездаванні на прыродных тэрыторыях, а крумкачоў стала больш. Вось мае меркаванне наконт гэтых фактаў.

У прынцыпе, правільна - вароны (цяпер) могуць і не даваць гнездаваць крумкачам у нашых гарадах. А вось на прыкладзе большасці гарадоў суседняй Польшчы магу сказаць, што там вароны не гняздуюць, але і крумкачоў няма. Сарокі ж, якія там "замест" варон, наўрацці здольныя эфектыўна праганяць крумкачоў. Таму праблема тут больш складаная, напэўна.

Безумоўна. не ўсё так проста. Вароны разумнейшыя, таму шта перабраліся ў гарады? Чаму тады іх ЗУСІМ няма ў нас у Кобрыне? За апошнія гадоў дзесяць не знайшоў ні воднага гнязда. А побач, у Брэсце ( 46 км. )  шэрая варона - звычайны від.  А вось гракоў і кавак ў нас у горадзе шмат. А вось тут і наконт крумкачоў ўзнікае пытанне. Гракі праганяюць крумкачоў? І зноў пра Кобрын. Пара крумкачоў гняздуе ўжо шэсць гадоў ў парку горада побач з калоніяй гракоў. Бліжэйшае гняздо грака да гнязда крумкача на адлегласці не больш ста метраў. І ніякіх сутычак! Крумкач пралятае над калоніяй і гракі ніяк на яго не реагуюць. Калі вылятаюць птушаняты крумкача, яны аказваюцца побач з гракамі, нават птушаняты сядзяць на тых дрэвах, дзе ў гэты час насіжвае самка грака і нічога, гракі нават не спрабуюць адагнаць ні дарослых ні маладых. Вось і думай тут, дзе логіка. 

Што так кепска ў Кобрыне з варонамі - не ведаў. Дзіўна, канешне - іх жа ў нашых гарадах паўсюль хапае...

А сарок няма ў горадзе?  Бо ў нас толькі на ўскрайках...

Выдатная і цікавая тэма для даследавання-параўнання у розных гарадах!