Калі я сёння ў вусці Гараднічанкі чакаў на чарговы прылёт зімародка, недалёка збоку ад мяне на бераг прыляцела амаль такая ж яркая птушка.
Я адразу зразумеў, што гэта звычайная рудахвостка (Phoenicurus phoenicurus) - паблытаць гэты від з іншымі цяжка. Але здзівілі светлыя выразныя бровы, якія йшлі праз увесь лоб амаль на патыліцу і што гэта менавіта малады самец даведаўся толькі з вызначальніка.
Прыляцеў ён, як аказалася, нездарма. Калі я пачаў яго здымаць, то не мог зразумець - што за калючае і параўнальна вялікае насенне ён дзюбае? Ужо дома, на маніторы кампутара я ўбачыў, што гэта быў валасаты вусень, які звярнуўся абаранкам. Так нічога яму не зрабіўшы, птушка недалёка ад першага знайшла другога вусеня!
Тут я адразу бачыў, каго самец спрабуе з'есці, але ізноў у яго нічога не атрымалася і ён пераляцеў на другі бераг рэчкі.
Ці то здабыча была завялікая для яго, ці то па-маладосці ён не ведаў як з ёй справіцца - засталося невядома.
01-10-2020, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
__________________________-
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Apus - 03.10.2020 - 23:10
Рудахвосткі дакладна маюць…
Рудахвосткі дакладна маюць моцную прагу да паляўнічых трафеяў)