Звычайна птушак лягчэй лічыць у пачатку іх гнездавання - для большасці вераб'іных, у якіх самцы ў гэты час актыўна спяваюць, лічым іх і атрымліваем даволі дакладную колькасць пар.
Аднак сёлета падлічыць звычайных рудахвостак (Ph. phoenicurus) і ацаніць іх колькасць у мяне атрымалася для цэнтра гораду толькі цяпер, калі іх птушаняты з першага вывадку павыпрыгвалі з гнёздаў і бацькі іх дакармліваюць.
Калі дарослыя птушкі вырашаюць, што птушанятам можа пагражаць небяспека, яны, акрамя рэгулярнай пазыўкі, пачынаюць патрэскваць . А птушаняты, якія ўжо добра пералятаюць і выдатна хаваюцца, пры падлёце бацькоў з ежай пачынаюць высока (і як на мой густ, непрыемна) крычаць "зь-з-зь-зьзь..." І гэта значыць, што іх лёгка пачуць, але цяжка ўбачыць, і тым больш -сфатаграфаваць.
Вось па гэтых "сямейных гуках" і атрымліваецца, што ў адпаведных умовах - г.зн. там, дзе ёсць дастаткова старыя дрэвы для дупла і гнязда і кусты, на якіх можна збіраць ежу для сябе і птушанят, асобныя пары знаходзяцца адна ад адной на адлегласці ад 30 да 50 метраў. Сапраўды, "звычайная" рудахвостка!
Ежа для птушанят разнастайная - гэта і насякомыя, і іх лічынкі, і павукі. І збіраюць іх рудахвосткі і з паверхні зямлі, і з завісання сярод высокай наземнай расліннасці, і з прысады, а таксама і на кустах і дрэвах на вельмі рознай вышыні.
Цікава, што працэс гэты адбываецца без бачнай напругі, спакойна і метадычна. А самцы час ад часу паспяваюць і спяваць, робячы сабе перапынкі:
Гродна, 14-18.06.2021
Аўтар Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 20.06.2021 - 09:17
У вас добра атрымліваюцца…
У вас добра атрымліваюцца буйныя планы, здымкі яркія, рэзкія. На відэа бачна, як даймаюць птушку пухоеды
Harrier - 20.06.2021 - 10:36
In reply to У вас добра атрымліваюцца… by pva
Дзякуй! Калі святла многа,…
Дзякуй! Калі святла многа, то і здалёк здымаць лягчэй - і колеры, і рэзкасць атрымліваюцца.