Дакументацыйныя здымкі
Мне, канешне, пашанцвала. Aле не толькі мне)
Каля кустоў з чорнай бузіной, дзе я чакаў на цікавыя моманты з рудахвосткамі, шпакамі і лескамі, якія звычайна паводзілі сябе ціха, раптам зрабілася гучна і мітусліва. Я навёў камеру на суседнюю вяршаліну невысокага амерыканскага клёна і пачаў здымаць, хутка разумеючы што там адбываецца.
А адбывалася вось што: яўна ўжо трэці (таму такі позні і такі невялікі) вывадак чорнагаловых шчыгелаў (Carduelis carduelis) атрымліваў порцыі насення з дзюбы ў дзюбу ад мамы-самкі. Вядома, што ў многіх насеннеядных птушак ёсць пад'язычны мяшок, які дазваляе набіраць насенне і несці ў гняздо птушанятам адразу вялікую порцыю. І хаця яно ж не ўцякае і не адлятае, але чаго лятаць упустую туды-сюды - адразу набірай і нясі многа.
І вось аказалася, што самка шчыгела даволі хутка набірала гэтае насенне паблізу на раслінах цыкорыя, а моладзь хаця і спрабавала капіраваць яе паводзіны і таксама, напэўна, нешта паспела сабраць пакуль самка набрала поўную дзюбу, але хутчэй баялася адстаць ад мамы і аказацца другім 'на раздачы" ежы. Якая, канешне, адбылася амаль адразу як рот самкі напоўніўся насеннем. Але не там, на цыкорыі, а нашмат вышэй, дзе гэта пэўна было рабіць бяспечней.
Так атрымалася, што я спачатку назіраў другую частку - раздачу насення, а потым першую - яго збор. )
Вось так і атрымліваецца прыемнае з карысным: дагляд моладзі і навучанне - самка не толькі паказвае ШТО ўжо можна есці, але і ЯК. Бо хутка гэта маладым шчыгелам спатрэбіцца.
Бераг Нёман ў Гродна, 25-08-2021
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
Як гэта адбываецца ў канаплянак, але з самцом, гл. ТУТ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 29.08.2021 - 10:38
Цікавае назіранне. Звычайна…
Цікавае назіранне. Звычайна шчыглы выкормліваюць птушанят лічынкамі насякомых, а тут дакормліваюць - насеннем цыкорыя.