Было гэта хаця і не так даўно, але ўжо можна казаць, што амаль y папярэднім жыцці. Да мяне ў госці завітаў сябар-арнітолаг з Нідэрландаў, які насамрэч тады працаваў у ЗША, а пазнаёміліся мы з ім год раней ... у Перу) Прыехаў ён не проста так, а паглядзець на нашых птушак. І калі мы аб’ездзілі самыя цікавыя месцы на захадзе Беларусі, вырушылі на Палессе. А ўжо там, пад Туравам, да нас далучыліся на сваім аўто яшчэ два сябры, але ўжо з Польшчы. І такой вось невялічкай міжнароднай камандай мы і пачалі здзіўляцца і Прыпяці, і мясцовым птушкам.
Адным з нашых прыярытэтаў была белая сініца (Cyanistes (Parus) cyanus). Прычым знайшлі мы яе даволі хутка – адну пару недалёка ад Турава, а дзве другіх – на Берасцейшчыне, але таксама ў пойме, зусім недалёка ад ракі. Здавалася б, і паглядзелі сініц добра, і знайшлі іх самастойна – што больш трэба? Але калі пачулі ад калегі-арнітолага, што ў вёсцы пад Туравам птушкі зрабілі гняздо у фундаменце дома і там іх можна даволі проста фатаграфаваць не турбуючы, без роздумаў рушылі туды. І сапраўды, у сініц ужо былі птушаняты, якіх яны часта кармілі, ныраючы ў дзірку над самым фундаментам, зробленым з цэглы. Вядома, што пакуль птушаняты не вельмі вялікія, бацькі паспяваюць не толькі іх карміць, але і выносяць з гнязда памёт малых, які для гэтага запакаваны ў спецыяльнай абалонцы-капсуле. Каб памёт не выпэцкваў гняздо і не прыцягнуў увагу драпежнікаў, птушаняты пасля атрымання ежы паварочваюцца да дарослай птушкі задам і дарослыя бяруць капсулу з памётам у дзюбу і адносяць далей ад гнязда.
Убачыўшы невялікую дэлегацыю, абвешаную фота-апаратурай, да нас выйшла гаспадыня дома і пачала распавядаць пра тое, колькі замежных дэлегацый ужо паглядзелі на белых сініц, што пасяліліся ў яе. І ў гэты час пачалося нешта зусім нечаканае і спачатку незразумелае: птушкі, якія вылецелі з гнязда з капсуламі памёта малых, не толькі не адляцелі з імі ад гнязда, але яшчэ і распушыліся каб стаць больш заўважнымі!
Пасля некалькіх секунд незвычайных паводзін, сведкамі якіх мы сталі, сябар з Нідэрландаў прыстаў каб паглядзець на магчымую іх прычыну і здзіўлена сказаў: “It’s a grass snake nearby!” (“Гэта вуж там паблізу!”) Зразумела, што птушкі нашмат раней за нас заўважылі небяспеку каля гнязда і адразу адрэагавалі на яе, адцягваючы ўвагу ад птушанят на сябе. Але ці то вуж не быў галодны, ці то не заўважыў ні дарослых птушак, ні пачуў пах птушанят, але ён прапоўз каля самага фундамента дома і знік у расліннасці. А мы віншавалі адзін аднаго з унікальнымі кадрамі і відэа.
Травень 2014 ля Турава.
Аўтар – Дзьмітры Вінчэўскі
Пра іншае незвычайнае месца гнездавання белых сініц тут:
Белыя сініцы: самае дарагое трымаем у сэйфе / Azure tits: the most expensive keeping in the safe
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 07.01.2022 - 08:42
Незвычайнае назіранне. А…
Незвычайнае назіранне. А калі б і вужык патрапіў у кадр, было б відэа супер.
Harrier - 07.01.2022 - 17:14
In reply to Незвычайнае назіранне. А… by pva
Дзякуй! Тут прыйшлося…
Дзякуй! Тут прыйшлося выбіраць - або здымаць вужа, або сініц якія на яго рэагавалі.
Вужа ўсе бачылі, а вось белых сініц і ўвогуле птушак я назіраў у падобнай сытуацыі ўпершыню. Думаю, што многія гледачы таксама.