29-03-2009 Нядзельны Бёдуотч у дождж

Моцны вецер і дождж, каля +5С, з 7.10 да 10.30. Разам з Kiolk`am, Raven`am.

Напэўна пасьля майго рэпартажу з Грайна (гл. назіраньні за 26-03) сябры вырашылі таксама трапіць туды. Карацей, мы дамовіліся з’ездзіць туды на машыне, дадаткова зазірнуўшы на сажалкі “Азота” ля Беражан. Акрамя птушак там нас чакала прымацаваньне таблічкі “Охота запрещена!» (гл. навіны і здымак ніжэй). Як заўсёды ў ноч пераводу гадзіннікаў адзін з нас гэтага не зрабіў, але мы пашкадавалі яго і ўзялі з сабой… Пачатак падарожжа нават быў сухім, лес каля сажалак ажно гучаў ад шматлікіх песьняў вялікіх сініц, чорных драздоў і звычайных стрынатак, да іх дадаваліся сьпевы адзінкавых драздоў-сьпевуноў. На сажалках нас чакалі гогалі (мін 3 пары), чубатыя ныркі (5 самцоў і 2 самкі) – першыя ў гэтым годзе (– далей ПГГ), каля 100 качак-крыжанак, плавала ПГГ вялікая коўра, амаль з пад ног узьляцелі 3 кулічка-чарняка (ПГГ). Праляцелі спачатку 2, а потым 28 бакланаў (ПГГ), якія не надоўга спусьціліся парыбачыць на самую вялікую сажалку, 6 самцоў качкі-сьвіцьвы, наляцелі групкай чайкі-рыбачкі (39+4), здалёк мы адзанчылі вялікую белую чаплю і 2 шызых чаек. Дзякуючы Рэйвэну ўбачылі самца качкі-лапаноскі (ПГГ) і самцоў качкі-чыркі (ПГГ), усяго чыркоў абодвух відаў было больш 30. Як і ўзімку, плавалі каля 10 лысак, а таксама 16 дарослых і 1 малады шыпун. На берагах ляжалі кучы пер’еў ад 2 дарослых шыпуноў. Паўсюль, дзе быў трысьнёг, сьпявалі свае простыя песенькі стрынаткі-чаротаўкі, над сухімі сажалкамі ўзьнімаліся палявыя жаўрукі. Неаклькі кнігавак дапаўняюць карціну. Гусі ляцелі групамі рознай велічыні, ўсяго адзанчылі іх каля 270.   На Грайна нас чакаў сапраўдны дождж з моцным сустрэчным заходнім ветрам, а таксама лебедзі. Ўсяго адзначылі 14 клікуноў і 15 шыпуноў. Яны час ад часу пераляталі, карміліся ці прсота спалі, паклаўшы галаву пад крыло. Тут і атрамалася разгадаць тайну крыкаў удода, якога мы пачулі тут 26-03. Аказалася, што гэта клікуны такім чынам пераклікаюцца паміж сабой: “уп-уп-уп…” Акрамя лебедзяў, ляцелі гусі: прыкладна 2 групы па 40 птушак + 8 гусей-гуменніц даволі нізка. Качкі таксама парадавалі: праляцела групка з 14 самак шылахвостак (ПГГ), потым да іх далучыліся яшчэ 6. Качка-чырка адзначылася 2 прыгожымі самцамі з заходзячымі за галаву белым брывом (ПГГ), крыжанак было не шмат – каля 20, да іх прыляцела яшчэ каля 100 птушак. Яшчэ на балоце Кіолк заўважыў першага куліка-случка (ПГГ), я ж пачуў яго пазьней на ўзараным кавалку з вялікімі калужынамі. За Ярмолічамі нас чакала сустрэча з вялікай групай чаек-рыбачак – каля 125 птушак, неадлёка мітусіліся шпакі і такавалі кнігаўкі. На правадах сядзела 8 гуменных стрынатак. Амаль на гарызонце, разам з крыжанкамі, праляцела вялікая белая чапля. Аднак мы ўжо дастаткова вымерзлі, каб з задавальненьнем нырнуць у цёплую машыну. Ўжо не вылазячы з яе адзначылі па аднаму беламу буслу на гнёздах у Ярмолічах і ў Грайна, яшчэ адзін шпацыраваў па калужыне перад балотам. Гарачая гарбата з чакалядкай троху паправілі настрой – мы ехалі адсыпацца дамоў!   На здымках: пара гагалей Прымацаваньне таблічкі Балота пад вадой, белыя плямкі - лебедзі Клікуны таксама хацелі спаць...
Фотаздымкі

Каментары