Дакументацыйныя здымкі
Пасля гэтай сустрэчы у невялікім скверыку на беразе Нёмана я пачаў успамінаць дзе я бачыў чыжоў (Carduelis spinus) раней і атрымалася, што ў сярэднім 9 сустрэч з 10 адбыліся на вольхах або пад імі і прыкладна 1 з 10 у туях. А прыцягваюць іх гэтыя віды раслін сваім насеннем.
Звычайна чыжы прылятаюць на вольхі групкамі ад некалькіх да сотняў птушак і даволі пільна і паслядоўна даследуюць іх і з'ядаюць дробнае насенне, выцягваючы яго канцамі вострай і падоўжанай дзюбы з прыгожых чорных вальховых шышачак. І для гэтага часам ім прыходзіцца рабіць розныя акрабатычныя практыкаванні, завісаючы ўніз галавой. І ў гэты раз калі я пачуў невялікую, у 20-30 птушак, але шумную чародку чыжоў на вольхах на абодвух берагах ручаіны, я думаў, што будзе падобна. І так ўсё і пачыналася, але далей птушкі зляцелі на зямлю і сталі хутка збіраць нешта і сярод травы, і на плітцы, і па берагах ручая. Спачатку я падумаў пра гастраліты - невялічкія каменчыкі для страўніка, якія замяняюць раслінаедным птушкам зубы, таму даволі хутка сціраюцца ад пастаяннай работы і іх трэба час ад часу знаходзіць і праглынаць. Аднак хутка я зразумеў, што чыжы збіраюць з паверхні зямлі насенне. І не абы-якое, а вольхаў.
Пэўна ўсе шышачкі, якія яшчэ заставаліся вісець на дрэвах, ужо высыпалі яго. А тыя, што ўжо ляжалі на зямлі, часам правяраліся птушкамі. Прачэсванне мясцовасці і праглынанне чырвоных 'плодзікаў' адбывалася вельмі хутка, а ручаіна побач давала магчымасць час ад часу запіваць з'едзенае насенне халоднай вадой. Прыкладна за паўгадзіны ўсё, што было можна, ці хтчэй тое, што змаглі з'есці, было чыжамі знойдзена і з'едзена. І таксама нечакана, як яны прыляцелі, іх раптоўна не стала.
Не ўбачыў іх я і ў наступныя дні, хаця спецыяльна прыходзіў праверыць берагі ручая і вольхі навокал.
Гродна, 20-03-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 06.04.2023 - 09:35
Удалая серыя прыгожых птушак…
Удалая серыя прыгожых птушак: і жоўтыя захапляльныя самцы, і сціплыя самачкі. Мне спадабаўся трэці здымак - чыж з распушчаным хвастом. Узімку я бачыў таксама зграйкі чыжэй, якія корміліся на вольхах.
Harrier - 06.04.2023 - 10:10
Дзякуй! Так і ёсць - вольхі…
Дзякуй! Так і ёсць - вольхі вымушаныя ствараць столькі насення менавіта таму, што мноства яго з'ядаюць чыжы яшчэ ў шышачках.