Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Памылка

звычайная рудахвостка

Дакументацыйныя здымкі

Пра гнездаванне пары звычайных рудахвостак (Ph. phoenicurus) недзе на схіле ў даліне Гараднічанкі  недалёка ад мосціка праз гэтую рэчку я ведаў параўнальна даўно. Бо калі зрэдку пераходзіў на іншы бок, то часам чуў выразныя спевы самца сярод дрэваў на тым беразе, а апошнія разы і часты, настойлівы свіст - папярэджанне рудахвостак пра нейкую небяспеку побач з імі.

У гэты ж раз за мосцікам я спачатку ўбачыў не рудахвостак, а самца лескі-чарнагалоўкі (Sylvia atricapilla), які сядзеў спачатку на высокай вярбе, а потым пераляцеў на сухія галіны і сеў значна ніжэй. І як аказалася, ён прыцягнуў не толькі маю ўвагу - адразу пачуўся рэзкі і гучны трэск, якім птушаняты рудахвостак выпрошваюць ежу ў бацькоў і зусім нечакана і для мяне, і яўна для самца лескі-чарнагалоўкі перад ім апынулася птушанё звычайнай рудахвосткі!

Самец лескі яўна разгублена 'разглядаў' раскрытую перад ім дзюбу чужога патомка і праз некалькі секунд вырашыў лепш адляцець некуды ў бок. Птушанё ж спачатку засталося на тым самым сухім галлі, а побач ужо пачаў гучна непакоіцца (яўна на мяне) самец рудахвосткі. А праз некалькі секунд недалёка паказалася і самка. Злётак рудахвосткі яўна не быў там без сапраўдных бацькоў і чаму вырашыў паспрабаваць выпрасіць ежу ў самца лескі, засталося незарзумелым.

Самка спачатку села недалёка ад патомка, тады птушанё пераляцела бліжэй да яе і працягнула гучна трашчаць, выпрошваючы ежу. А калі самка пераляцела далей, то  паляцела за ёй і навокал стала зусім ціха)

Я яшчэ нейкі час стаяў там і са здзіўленнем успамінаў нечаканую 'памылку з бацькай' - ніколі раней я нічога падобнага не бачыў. Хаця калі б самец лескі быў з ежай у дзюбе, падобнае раптоўнае выпрошванне тэарэтычна магло б і спрацаваць.

Гродна, 18-06-2023

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі

Каментары

Учора на беразе Нёмана назіраў падобныя паводзіны злётка шэрай лескі. На 'яго' куст села самка рудахвоткі-чарнушкі, вельмі блізка ад яго і ён падляцеў і сеў каля яе. Тая пэўна зразумела гэта як атаку і пераляцела на іншы куст, у некалькіх метрах ад першага і злётак паляцеў за ёй) 

Праганяць яе не мела сэнсу, а вось папрасіць пакарміць - так, раз 'сама прыляцела'. Але нічога з гэтага не выйшла.