Дакументацыйныя здымкі
Пра гнездаванне пары звычайных рудахвостак (Ph. phoenicurus) недзе на схіле ў даліне Гараднічанкі недалёка ад мосціка праз гэтую рэчку я ведаў параўнальна даўно. Бо калі зрэдку пераходзіў на іншы бок, то часам чуў выразныя спевы самца сярод дрэваў на тым беразе, а апошнія разы і часты, настойлівы свіст - папярэджанне рудахвостак пра нейкую небяспеку побач з імі.
У гэты ж раз за мосцікам я спачатку ўбачыў не рудахвостак, а самца лескі-чарнагалоўкі (Sylvia atricapilla), які сядзеў спачатку на высокай вярбе, а потым пераляцеў на сухія галіны і сеў значна ніжэй. І як аказалася, ён прыцягнуў не толькі маю ўвагу - адразу пачуўся рэзкі і гучны трэск, якім птушаняты рудахвостак выпрошваюць ежу ў бацькоў і зусім нечакана і для мяне, і яўна для самца лескі-чарнагалоўкі перад ім апынулася птушанё звычайнай рудахвосткі!
Самец лескі яўна разгублена 'разглядаў' раскрытую перад ім дзюбу чужога патомка і праз некалькі секунд вырашыў лепш адляцець некуды ў бок. Птушанё ж спачатку засталося на тым самым сухім галлі, а побач ужо пачаў гучна непакоіцца (яўна на мяне) самец рудахвосткі. А праз некалькі секунд недалёка паказалася і самка. Злётак рудахвосткі яўна не быў там без сапраўдных бацькоў і чаму вырашыў паспрабаваць выпрасіць ежу ў самца лескі, засталося незарзумелым.
Самка спачатку села недалёка ад патомка, тады птушанё пераляцела бліжэй да яе і працягнула гучна трашчаць, выпрошваючы ежу. А калі самка пераляцела далей, то паляцела за ёй і навокал стала зусім ціха)
Я яшчэ нейкі час стаяў там і са здзіўленнем успамінаў нечаканую 'памылку з бацькай' - ніколі раней я нічога падобнага не бачыў. Хаця калі б самец лескі быў з ежай у дзюбе, падобнае раптоўнае выпрошванне тэарэтычна магло б і спрацаваць.
Гродна, 18-06-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Apus - 23.06.2023 - 20:29
Класны рэдкі момант! Па…
Класны рэдкі момант! Па постаці выглядае больш як пагроза, але калі ён сам да лескі прыляцеў, то напэўна за ежай усё ж такі) Тым цікавей!
Harrier - 23.06.2023 - 21:08
Так, прыляцеў і затрашчаў …
Так, прыляцеў і затрашчаў "каб пакармілі")
Harrier - 28.07.2023 - 10:09
Учора на беразе Нёмана…
Учора на беразе Нёмана назіраў падобныя паводзіны злётка шэрай лескі. На 'яго' куст села самка рудахвоткі-чарнушкі, вельмі блізка ад яго і ён падляцеў і сеў каля яе. Тая пэўна зразумела гэта як атаку і пераляцела на іншы куст, у некалькіх метрах ад першага і злётак паляцеў за ёй)
Праганяць яе не мела сэнсу, а вось папрасіць пакарміць - так, раз 'сама прыляцела'. Але нічога з гэтага не выйшла.