Хаця першых сёлетніх 'зімовых' амялушак (Bombycilla garrulus) адзначылі на поўначы Беларусі прыкладна месяц таму, 'мае' чакалі каб паказацца да сёння, на сонечны дзень ў самым пачатку лістапада.
Я спускаўся ў скверык на тым беразе ракі, калі пачуў іх голас. Але з-за таго, што было гэта здалёк, я не быў на 100% у гэтым упэўнены. А ўжо ў скверыку ўбачыў, як нейкія птушкі памерам з дразда пералятаюць з адной вяршаліны самых высокіх дрэваў там на іншыя. Я навёў на адну з іх камеру - амялушка! Пералёты працягваліся, прычым ўсяго там было і прымала ў іх удзел 3 птушкі. Яны зрываліся з верхніх галін, праляталі некалькі метраў і паўколам вярталіся ў тое самае ці новае месца на тым жа або суседнім высокім дрэве. Выглядала гэта як паляванне на насякомых нейкіх вялікіх валасяніц-мухаловак.
Праз некалькі секунд 'адпачынку' такі палёт працягваўся амялушкамі амаль па чарзе. І я ўжо сапраўды пачаў думаць, што магчыма яны і насамрэч палююць на небачных мне здалёк насякомых - дзень быў не толькі сонечны, але і параўнальна цёплы. Аднак ужо ў хаце на маніторы кампутара ўбачыў, што елі амялушкі сваю ўлюбёную ежу - ягады амялы. І менавіта яны, неператраўленай стужкай, звісалі з клаакі адной з птушак.
Што ж насамрэч рабіла там гэтая дзіўная тройка, я так і не даведаўся. Бо пачуў аднекуль спераду выразнае 'свірі-свірі' і ў небе з'явілася чародка з 30-40 амялушак, якая праляцела збоку ад мяне паралельна рацэ, да яе далучыліся і 'мае' птушкі. Потым яны ўсе павярнулі і высока пераляцелі на наш бераг, дзе і згубіліся ўдалечыні. А недалёка ад мяне грак пагнаўся за шуляком-карагольчыкам, які, хутчэй за ўсё, і быў прычынай вымушанага пералёту амялушак.
Гродна, 02-11-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
arktous - 06.11.2023 - 14:31
Красивые снимки! А вот то…
Красивые снимки! А вот то что ловят насекомых, скорее всего так и есть. Такое же поведение свиристелей над верхушками тополей наблюдал весной (02.04.2023). Они 100% ловили насекомых.
Harrier - 19.11.2023 - 21:20
Дзякуй за пацверджанне маёй…
Дзякуй за пацверджанне маёй здагадкі. Але за мінулыя дні амаль штодзень бачыў розную колькасць амялушак і паназіраў за іх паводзінамі. І, здаецца, што бачыў падобныя ж палёты асобных птушак, толькі былі яны не так кідаліся ў вочы як тыя, якія апісаў вышэй. Але там яўна было без насякомых - ляталі амялушкі ніжэй і не так хутка. І цяпер я сумняюся, што і ў першы раз палёты былі, каб злавіць насякомых. Але ўсё можа быць, іншай тэорыі каб растлумачыць іх я не маю = будзем назіраць далей.