Прыкладна з сярэдзіны кастрычніка я практычна штодзённа чую і бачу навокал гілёў (Pyrrhula pyrrhula), прычым часам у розных месцах у горадзе. Прычым на многіх клёнах і пенсільванскіх ясенях, на якіх гілі літаральна піравалі дзве зімы таму, насення амаль няма або вельмі мала. Але яны знаходзяць іншыя клёны, на якіх пераважна і харчуюцца. Тым больш, што ўсе чародкі гілёў, якія я дагэтуль бачыў, параўнальна невялікія, складаліся з 5-6 ці нават меншай колькасці птушак.
Аднак чаго ў гэтай восенню шмат, дык гэта рабіны! І калі гэтым карыстаюцца не толькі такія спецыялісты, як дразды-піскуны (Turdus pilaris), але і зусім выпадковыя 'аматары' як шэрыя вароны (Corvus (corone) cornix), то і гілям не патрабавалася шмат часу, каб знайсці адпаведнае дрэва.
У адрозненне ад 'спецыялістаў і аматараў' ягад, якія праглынаюць іх цалкам, ці стараюцца - калі ўмеюць і маюць магчымасць - з'есці толькі мякаць, гілям патрэбна толькі непасрэдна насенне рабіны. Каб яго дастаць, трэба 'выпатрашыць' кожную ягаду. Хаця і робяць яны гэта даволі хутка, працэс выглядае не вельмі прывабна. Але гілям яўна смакуе::
На гэтую высокую рабіну прыляталі есці ў розных выпадках дзве самкі, тры самкі і дзве самкі і самец. Таму я думаю, што хутчэй за ўсё гэта штораз былі розныя птушкі. Таму хаця і елі яны параўнальна шмат, ягад толькі на гэтым дрэве ім магло б хапіць можа і на палову, калі не на ўсю зіму.
Аднак з поўначы з'явіліся сапраўдныя спецыялісты, якія вырашылі інакш...
Гродна, 02 і 07-11-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Lighty - 14.11.2023 - 00:35
> Аднак з поўначы з'явіліся…
> Аднак з поўначы з'явіліся сапраўдныя спецыялісты, якія вырашылі інакш...
Гэтыя?
Harrier - 14.11.2023 - 17:30
Так, яны) Будзе пра гэта 2…
Так, яны)
Будзе пра гэта 2-3 фотагісторыі)