Дакументацыйныя здымкі
Працяг. Пачатак ТУТ
Можа каб мяне не спыніла перад самым пераходам самка сірыйскага дзятла з сухой ягадай алычы, я б і не звярнуў увагу на невялікую чародку гілёў (Pyrrhula pyrrhula), якія елі крылаткі пенсільванскага ясеня амаль насупраць, праз дарогу. Дрэва было не вельмі высокім, але ў 'плюс' можна было аднесці багаты ўрджай насення, у 'мінус' - яго размяшчэнне. Бо знаходзіўся гэты пенсільванскі ясень мала таго, што пры самай ажыўленай дарозе, дык і яшчэ быў адзіным дрэвам перад прыпынкам аўтобусаў-тралейбусаў, а збоку ад яго знаходзіцца папулярны гастраном.
Хаця крылатак на ясені і праўда было багата, але даволі шмат, асабліва на верхніх галінках, ужо з'елі гілі і каб зрабіць іх здымкі ў даволі цёмных умовах, мне прыйшлося раскласці трыногу і абапірацца на яе. На прыпынак і з яго, а таксама ў краму побач за тыя прыкладна паўгадзіны, што я назіраў і здымаў там гілёў, прайшло пад сотню чалавек. Але ніхто з іх не падняў галаву і не паглядзеў у тым кірунку, на дрэва, дзе я іх здымаў. Але перад тым, як гілі адляцелі на ліпу праз дарогу, адбыліся 2 цікавыя сустрэчы. Адна з жанчын ужо немаладога ўзросту прайшла побач і праз метраў 5-6, амаль пад ясенем, абярнулася да мяне. Я паказаў ёй на верхнія галінкі і сказаў:"Снегірі!" , трымаючы ў руках фотакамеру. Жанчына ўсміхнулася ў адказ і адказала: "А я догадалась!" і пайшла ў бок прыпынка.
Праз хвіліны 2 ўсе птушкі пераляцелі і селі зверху на адну з высокіх ліп, метрах у 60 ад мяне. Я пачаў здымаць іх там, спачатку не пераходзячы дарогу і ў гэты момант насустрач мне з боку прыпынка падыйшла маладая пара з адным дзіцём у калясцы, а другое трымаючы за руку. Малады бацька з надзеяй у голасе спытаў у мяне:"А где снегірі?" І калі я паказаў ім на ліпы праз дарогу, і растлумачыў, што як раз нядаўна яны пераляцелі, то пачуў даволі шчырае расчараванне. І хаця я паказаў што змог на маніторы камеры, гэта яўна было не тое, на што яны разлічвалі пасля сустрэчы з жанчынай, якая ім падказала ў каго спытаць пра птушак за прыпынкам.
А гілі яшчэ два-тры разы вярталіся з ліпаў на ясень і адляталі туды ж 'адпачнуць' - магчыма праз нейкі час пастаянны шум ад транспарта і людзей знізу дрэва ўсё ж пераважваў багатыя запасы ежы і яны рабілі перапынак. Каб зноў вярнуцца.
Гродна, 02-01-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
Працяг ТУТ
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 08.02.2024 - 10:41
У большасці людзей вузкі…
У большасці людзей вузкі ўзровень ведаў біялогіі. Многія не могуць нават адрозніць крумкачовых. У іх усё - вароны. Я прывіў любоў да птушак сваёй жонцы. Яна ведае ў "твар" ужо многія віды птушак, яна пастаянна падсыпае корм у кармушку. Ужо мая памочніца ў маім фотапаляванні.
Harrier - 08.02.2024 - 18:36
На жаль, так і ёсць. Як…
На жаль, так і ёсць. Як некалі сказаў адзін знакаміты беларускі арнітолаг: "Бачым толькі тое, што ведаем". А як ведаем няшмат, то і не бачым як нават побач знаходзіцца.