Напэўна кожную вясну я бачу вельмі падобную гісторыю і кожны раз інтэрпрэтую яе аднолькава, як праверку пары.
У гэты раз самку і самца вялікага савука (Mergus merganser) я заўважыў недалёка ад берага ракі за сотню метраў ад старога маста. Яны трымаліся побач і час ад часу ныралі - рыбачылі. Прычым самец заўсёды, хаця б на 3-4-5 метраў трымаўся далей ад берага - і людзей на ім, чым самка. І калі атрымлівалася так, што самец вынырваў, а самка яшчэ не, ён чакаў і не ныраў пакуль не бачыў дзе вынырнула яна. Калі сама была параўнальна далка, ён стараўся скраціць адлегласць паміж імі да некалькі метраў і толькі тады ныраў ізноў. Выглядала, што самец пільнаваў самку, а яна чамусьці вырашыла рыбачыць не ў самым бяспечным месцы. Самец жа меў небагаты выбар: або трымацца побач з партнёркай і адчуваць сябе не зусім бяспечна, або адляцець без упэўненасці, што самка паляціць з ім. І ён выбраў першае. Самка ж правярала рашучасць самца застацца з ёй у няпэўных сытуацыях, бо менавіта ў такіх ён і быў ёй патрэбны перш, чым яна сядзе на яйкі ў дупле ці нары.
Плынь за мастом паступова зносіла птушак усё бліжэй і бліжэй да адкрытага месца, на якім стаялі і сядзелі з вудамі з пяток рыбакоў. Я йшоў прыкладна паралельна з савукамі і не ведаў, што яны зробяць калі даплывуць туды. Аказалася, што самка вырашыла толькі адплыць метраў на 5-6 далей ад берага і людзей на ім, але не адляцела. Застаўся побач з ёй і самец, але як і раней, за самкай. Некалькі метраў за рыбакамі яна падплыла да берага і амаль выйшла на яго, чысцячы пер'е. Самец таксама падплыў і чакаў на яе. Але тут адзін з рыбакоў, бліжэйшы да іх, вырашыў падыйсці да адной са сваіх вудаў і наблізіўся метраў на 10, заблізка нават для самкі. Пара хутка адплыла, а потым самка пачала разбег па вадзе і ўзляцела, не адстаў ад яе і самец. І яны паляцелі, на невялікай адлегласці адзін ад аднаго, уверх па плыні.
Нёман у Гродна, 22-03-2024
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 15.04.2024 - 10:02
Цікавае назіранне, каментар…
Цікавае назіранне, каментар і фота. Кожная жаночая асобіна шукае сабе моцнага, смелага, надзейнага спадарожніка жыцця..
Harrier - 15.04.2024 - 10:24
Дзякуй, усё так. Толькі…
Дзякуй, усё так. Толькі качкам качары патрэбны абмежаваны, не ўвесь час.