06-04-2009 Паўднёвы-вдсх Бросты: Падкаменка і круцігалоўка

06-04-2009 Паўднёвы-вдсх Бросты: Падкаменка і круцігалоўка

Паўднёвы-Малая Альшанка-вадасховішча-Бросты-Юзэфоўка-Вялікая Альшанка-Фабрычны. Каля +16С, сонечна, вецер Сапраўды летняя пагода цягне на птушак. У гэты раз вырашыў праверыць водаплаўных на водасховішчы ў Бростаў. Але самыя цікавыя назіраньні нечакана зрабіў не там. Ўжо пасьля Паўднёвага на кучы будаўнічага пяску заўважыў знаёмы сілуэт. Глянуўшы праз трубу сапраўды, не памыліўся – першы ў гэтым годзе самец палявой падкаменкі (Oenanthe oenanthe) хутка пералятаў па будпляцоўцы, таму фільмік атрымалася зьняць толькі здалёк.   Далей па дарозе на вадасховішча ў вялізарнай калужыне зьняў блакітных жабак – самцы вострамордых рабілі сваю справу, не выпускаючы самак са сваіх лап (гл. здымак). Тамсама, але на невялічкіх заросьніках нечакана зьняў жоўтагаловага каралька –і, нарэшце, фільмік атрымаўся з неблагой якасьцю. Нада мной на таполі ўпарта працавалі 2 сінія сініцы – яны вырывалі кавалкі таполевых “кветак”, дасьледуючы іх амаль адну за адной – можа ў іх хаваюцца лічынкі нейкай жамяры? Нечакана нешта залатое села на галіну. Чыжык! На срнейку яго чорная аксамітная чапачка выдатна кантраставала з ярка-жоўтым нізам – сапраўдны франт. Але чыж хутка адляцеў, а я, поўны надзей, набліжаўся да вадасховішча. Яшчэ здалёк чуліся гучныя крыкі лысак, над трысьнягом супрацьлеглага берага ляталі 3 балотных луня. Ад галасоў тысяч жаб вада як бы бурбулявала бліжэй да берагоў – гук быў такі, як вялізны кіпяцільнік нарэшце пачаў кіпяціць ваду. Але птушак амаль не было! Ляталі 2 чайкі-рыбачкі, пара вялікіх коўраў плавала сярод качак. Аднак іх было не шмат. Тым больш амаль усе яны плавалі далёка пад супрацьлеглым берагам: некалькі чубатых ныркоў, 2 пары качак-лапаносак, 7 самцоў і самка ныркоў-сівакоў, 4 самца сьвіцьвы ды 2 пары крыжанак. Каля канца вадасховішча ад шашы здалёк пачалі ўзлятаць іншыя крыжанкі – але і іх было не многа – каля 20. 2 шэрых чаплі завяршалі карціну. Калі зьвярнуў з шашы ў невялікі лясок каб ісьці да Юзэфоўкі, сярод шматлікіх галасоў берасьцянак, драздоў ды сініц нечакана для сябе адзначыў не вельмі ўпэўненыя 2 пячураўкі-ценькаўкі (ПГГ). Тамсама м з 10 збоку з крыкам устрывожанага кабца адляцела ў лес круцігалоўка (Jynx torquilla) (ПГГ)! Нечаканая сустрэча! Але больш нічога незвычайнага не сустрэлася, і пад выдатны каляровы захад сонца, трошкі замораны, выйшаў на канцовы прыпынак. На здымках: Зьверху – палявая падкаменка Шпак Каралёк жоўтагаловы Чыж Сінія сініцы за працай Вострамордыя жабы размнажаюцца Качкі-лапаноскі здалёк
Фотаздымкі

Каментары

Суб'ектыўнае агульнае меркаванне...

Дата ў назове назіранне, выглядае не зусім эстэтычна, ды і не нясе вялікай сэнсавай нагрузкі, тое самае можна сказаць і наконт маршрута. Гэта можна напісаць і ў самымы пачатку назірання, які і іншую інфармацыю ад надвор'і і г.д...

Варта выкрыстоўваць загаловак назірання, каб данесці галоўную думку ці навіну, бо інакш можна будзе падысці да справаздачных форм назіранняў...

Для мяне дата паказвае сьвежасьць назіраньня. Пры чым тут эстэтыка?

Маршрут таксама паказвае, што гэта менавіта назіраньне, а не артыкул.

"бо інакш можна будзе падысці да справаздачных форм назіранняў..." - калі нас будзе шмат, нават такія назіраньні будуць цікавыя - іншыя змогуць для сябе рашыць, ці варта ісьці-ехаць такім жа маршрутам.

 Для мяне дата паказвае сьвежасьць назіраньня - Гэта не так важна, аб гэтым можна зрабіць высновы зірнуўшы на блок "Апошнія назіранні" ці палажэне навіны на старонцы з назіраннямі, калі натрапіш на назірання праз 3 месяца, дык дата нічога не дасць ў плане інфармацыі...

 калі нас будзе шмат, нават такія назіраньні будуць цікавыя - іншыя змогуць для сябе рашыць, ці варта ісьці-ехаць такім жа маршрутам... у гэтым выпадку ім будзе прасцей зайсці ў месцы назіранняў і зрабіць свой выбар...

Назова, назірання гэта справа прыватнага характару, таму кожны піша, што ён лічыць патрэбным...

 

Цікава, як без дат па назвах Турмфальке ці Кропкі над і можна зразумець іх дату? Калі каля іх не будзе дат з іншых назіраньняў?

у гэтым выпадку ім будзе прасцей зайсці ў месцы назіранняў і зрабіць свой выбар... Мне, напрыклад, важна сьвежасьць - што там бачылі сёньня (ўчора), а не за ўсю гісторыю назіраньняў. Так прасьцей вырашыць, ці варта туды сунуцца.

Назова, назірання гэта справа прыватнага характару, таму кожны піша, што ён лічыць патрэбным... Я лічу таксама, таму вельмі здзіўлены першым каментарам пра "суб'ектыўнае агульнае (!) меркаваньне"

Ну і ўдагонку суб'ектыўнае асабістае меркаваньне:

дзіўна замест падзякі чытаць такія меркаваньні. Калі не цікава чытаць, можна свае цікавейшыя назіраньні-ўражаньні разьмясьціць. Я з задавальненьнем пачытаю!

Проста на ёй бачна што і спадар Фогель таксама выкрыстоўвае даты напачатку назірання, таму я і прывёў сваё агульнае меркаванне...

Гэта толькі меркаванне, таму кожны вырашае сам што і як яму пісаць...

Нешта я не зразумеў - меркаваньне агульнае (= некалькіх асобаў) ці прыватнае (=асабістае)?

На іншыя пытаньні (гл. вышэй) таксама адказу не атрымаў. У чым праблема з датамі і маршрутам?

Калі кожны вырашае сам (з чым я згодны і ўжо пісаў пра гэта вышэй), то да чаго быў самы першы комэнт? Да чаго была тая "крытыка" пад выглядам агульнага меркаваньня?