Стэп

Даўно я не пісаў пра маё прыбываньне ў далёкай азіяцкай краіне. Выбачайце, не даходзілі рукі… праца ў полі, а там неяк ня хочацца за кампутар сядаць, усё ў нататнік. Разумею, што многія з вас хочаць даведацца аб праэкце, у якім я працую, як патрапіў і чым непасрэдна займаюся, але, нажаль, з гэтым усім я не магу падзяліцца з вамі праз інтэрнэт, бо такія ўмовы кантракта.

Ня буду і пасьлядоўны ў сваех назіраньнях, а буду дзяліцца з вамі невялічкімі момантамі-гісторыямі, якія зачапіліся ў маёй памяці. Скажу толькі, што зараз мігруюць жоўтыя, жоўтагаловыя, чорнагаловыя пліскі - вялікія сьмешаныя чароды можна бачыць зараз у стэпі, чорнагаловыя і чорныя ёрчык, жоўчныя стрынаткі.

Уся стэп на дарозе.
Паміж вёскай, у якой мы жывем да трасы – 15 км. Па гэтай дарозе мала хто езьдзіць, бывае можа машын дваццаць за дзень праедзе. Таму палюбілі гэтую дарогу жывёлы. Тут і курганьнікі зрабілі два гнязда над дарогай, на слупах часта можна бачыць зьмеяядаў, скапу, стэпавых арлоў. Сівагракі і пчалаедкі ўжо прыляцелі. Па-над дарогай у нябёсах стэпавыя журавы, а на дарозе розныя паўзуны. Аднойчы бачылі агромістую яшчурку – варан, праўда, яму не пашанцавала, загінуў пад коламі нейкага рэдкага аўто. Час ад часу дарогу перабягаюць пяшчанкі і суслікі.
Зьмяняецца дарога ўначы. Са сваех норак выпаўзаюць розных памераў і відаў тушканчыкі, якія як маленькія кенгуру – з доўгімі лапамі, хвастом і вушамі. Часам вельмі сьмешныя, але заўсёды забаўныя. Разнастайныя мышападобныя грызуны, хамякі, гекконы, у апошніх вочы атражаюць сьвятло ліхтароў на 100 -200 метраў і сьвецяцца, як сапраўдныя лямпачкі. Прыляцелі пустынныя лялекі, якія таксама любяць сядзець на гэтай дарозе. Уся гэтая разнастайнасьць мітусіцца, танцуе, жыве начная стэп, толькі вось ехаць па дарозе той страшнавата, ня хочацца зьнішчаць гармонію.

Spring water
Досыць часта, калі сонца ўздымаецца высока, і робіцца вельмі сьпякотна, мы зьбіраемся побач аднаго артэзіана з невялічкай калюжынай, абедаем і адпачываем. А на гэтай калюжыне заўсёды зьяўляюцца разнастайныя госьці. То белахвостыя пігаліцы затрымаюцца тут на адзін дзень, то малыя зуйкі. Бачылі тут і кулікоў-цякуноў, селянцоў. Буланныя ўюркі зрабілі недзе побач сваё гняздо. Чарапахі любяць дзённую сьпёку праводзіць у вадзе. На вадапой прыходзяць авечкі і аслы. 
Побач з гэтым месцам разьмесьціўся саксаўлавы лес, у якім і жывуць гэтыя дзіўныя жывёлы – аслы. На свабодзе яны зусім іншыя, чым у няволі – вясёлыя, моцныя і сяброўскія. Пастаянна можна чуць іх рэзкія крыкі, бачыць, як самцы ганяюцца адзін за аднім, паказваючы сваю моц перад самкамі.
У гэты ж саксаўлавы лес падабаецца хадзіць мне ў пасьляабедзены час, але, нажаль, жыўнасьці тут не багата. З птушак - гэта ў асноўным жаўрукі, туркестанскія грычуны, гішпанскія вераб’і, а з астатніх – агамы, якія любяць сядзець на верхалінах дрэўцаў, чарапахі і вялікія пясчанкі, якія паўсюль панарывалі сваіх нор, зрабіўшы цікавыя аграгарадкі. Бачыў тут і нейкіх белых, амаль празрыстых мурашоў, што мяне вельмі зьдзівіла.
Ёсьць тут сярод саксаула і зарасьлі тамарыску. Вось, тут птушыных сьпеваў паболей – лескі-завірушкі, валасяніцы, чаромашнікі, чаротаўкі, - але ўся гэтая птушыная дробязь ня любіць паказвацца на вочы чалавеку. І ўсё патаму, што пасяліўся тут і шулях-карагольчык, які заўсёды чакае моманту, каб падхапіць сабе здабычу. 

Каментары

АВ (госць) - 26.04.2010 - 22:53

In reply to by АВ (госць)

амаль белыя мурашы - гэта тэрміты. А фоткі расказваюць болей за словы,шкада, што падпісваць фоткі немагчыма. Болей людзей рабілі бы фотарэпартажы. Да і глядзець такое цікавей і латвей, чым чытаць гісторыі.

нажаль, сапраўды, подпісы пад фатаздымкамі, якія я выкідаў раней, ня высвечваюцца аніяк на маім кампутары, таму апошнім часам я іх не падпісваю, прабачце за гэта...

у мяне яшчэ адна праблема, пакуль я закідваю фоткі, а потым калі рэдагую і дакідваю фоткі часам зьнішчаецца мая ініцыялізацыя, і мне прыходзіцца выходзіць з рэжыму рэдагаваньня і рэгістравацца ізноў, і ізноў паўтараць тое ж самае, на што губляецца шмат часу... у каго-небудзь яшчэ ёсьць такая праблема, ці я проста штосьці ня так раблю?

белыя мурашы - гэта белыя мурашы, а не тэрміты, я паспрабую дакінуць фатаздымак.

Дарагія сябры, а як вы закідваеце фатаздымкі ў каментары, у мяне неяк не атрымоўвалася?