Прапануем Вашай увазе пераклад артыкулу праф. Яна Каханоўскага (1894-1942), з якога вынікае, што дапамога дзікім птушкам у нашым горадзе мае параўнальна даўнія традыцыі і гэтай зімой мы можам адзначаць 80-ці годдзе яе пачатку.
“Ахова птушак у Гродна ажыццяўляецца праз Гурток Аматараў Прыроды пры дзяржаўнай гімназіі ім.А.Міцкевіча. Праца пачалася ўвосень мінулага году з некалькіх сустрэч, на якіх мы азнаёміліся з брашурамі Я.Сакалоўскага і Э.Рыгеннбаха, апісваючымі ахову прыроды і птушак (брашуры гэтыя прадставіла Дзяржаўная Рада Аховы прыроды). Потым пад кіраўніцтвам двух калег, якія маюць адпаведныя веды ў сталярнай справе, сябры Гуртка пачалі вырабляць скрынкі. Памяшканне для абсталявання варштату і прылады прадставіла Дырэкцыя школы. Кавалкі драўніны вучні часткова выкарыстоўвалі ўласны, часткова яго закупілі з грошай, якія вылучыў Бацькоўскі камітэт альбо сабралі шляхам складак сябры Гуртка.
Дзякуючы так арганізаванай працы ўжо на пры канцы лістапада Гурток меў 4 вялікіх і 86 маленькіх сталовак /для птушак/. вялікія сталоўкі размясцілі ў горадзе ў пачатку снежня, перадаючы іх пад дагляд груп, якія складаліся з 6 хлопцаў. Іх абавязкам было на працягу ўсёй зімы ўтрымліваць сталоўкі ў адпаведнай чысціні, а таксама забяспечваць адпаведным кормам. Для гэтага хлопцы збіралі ежу сярод знаёмых альбо куплялі з фондаў Гуртка. Шмат кармоў прынеслі таксама гараджане, складваючы іх у спецыяльных скрынях, размешчаных каля сталовак. Корм /для птушак/ складаўся з насення з вялікім утрыманнем тлушчу, насення пустазелля, сушаных ягад і г.д. Толькі для сінічак і дзятлаў былі падрыхтаваны корм з жывёльных тлушчоў. З-за таго, што корм гэты больш каштоўны, трэба было прадухіліць яго спажыванне дамовымі вераб’ямі. Для гэтага ім запаўнялі шкарлупінне грэцкіх арэхаў і падвешвалі на нітачцы, альбо майстравалі іншыя падвешаныя штукі. Сінічкі і дзятлы ў вялікай колькасці наведвалі такія сталоўкі. Ў чатырох самых вялікіх сталоўках, каля якіх былі размешчаныя прынады для сініц, за зіму выкарысталі 72 кг насення льну і каноплі, 9 кг маку, 20 кг гарбуза і падсонечніка, 104 кг мяса, сала і іншых тлушчоў, 45 кг булак і хлеба, ці ўсяго 250 кг рознай ежы.
Акрамя гэтых вялікіх сталовак, па ўсяму гораду былі размешчаны яшчэ 86 меншых, простай канструкцыі хатак, за каторымі глядзелі адпаведныя іх уладальнікі.
Каб яшчэ больш зацікавіць дзеяннямі па ахове птушак, кіраўніцтва Гуртка прызначыла 4 каштоўныя ўзнагароды для вучняў, якія найбольш вылучацца дапамогай птушкам. Грошы на ўзнагароды прадставіла Брацкая дапамога школы. Умовы атрымання прызоў былі наступныя:
1. Дадатковае харчаванне птушак мусіць адбывацца пастаянна на працягу ўсёй зімы.
2. Сталоўка павінна быць штодзень вычышчаная.
3. Корм мусіць быць заўсёды свежы.
4. Колькасць патрэбнага корму мусіць быць заўсёды дастатковай.
5. Трэба весці дзённік з назіраннямі: а) якія птушкі і ў які час прылятаюць; b) які корм і якія віды найбольш ахвотна спажываюць; с) як сябе паводзяць птушкі ў прысутнасці чалавека і толькі ў прысутнасці іншых птушак і г.д.
Узнагароды былі ўрачыста ўручаны ў сакавіку на падставе абвяшчэння вердыктаў журы, якое складалася з трох сябраў Гуртка, вучняў старэйшых класаў і кіраўніка Гуртка.
Акрамя апісанага вышэй дадатковага харчавання птушак, старэйшыя вучні – часткова з дапамогай паліцыі – праводзілі барацьбу з навалай “птушнікаў”, якія з дапамогай розных пастак і сетак лапаюць птушак на ўскрайках гораду.
Уся акцыя была не толькі вельмі карысная для развіцця свету птушак, але таксама прынесла моладзі шмат шчырай радасці і карыснага адпачынку, і вельмі добра дапамагла фармаванню пачуцця адказнасці і ўзмацненню характараў праз патрабавальную і сістэматычную працу.”
Я.Каханоўскі, здымак аўтара
“Ochrona przyrody” 1931, p. 217-218
Падрыхтавалі Krzysztof Wojciechowski і Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
Ян Каханоўскі (Jan Kochanowski) (1894-1942) –прыродаахоўнік, прафесар гімназіі і заснавальнік Гродзенскага заапарку. Паходзіць з польскай шляхты гербу Корвін.
Ў 1920-30-я гады ён працаваў выкладчыкам прыродазнаўства ў гарадзенскай гімназіі імя Адама Міцкевіча. Яшчэ ў 1926 годзе Каханоўскі пасля карпатлівай падрыхтоўкі заклаў непадалёк гімназіі на частцы сучаснага гарадзкога парку імя Жылібэра Батанічны сад, які займаў плошчу 0,3 га і пад канец 1920-х у ім налічвалася 830 розных відаў раслін, у тым ліку дрэў і кустоў.
Адначасна Ян Каханоўскі засноўвае ў гімназіі прыродазнаўчы музей і заалагічны аддзел батанічнага саду, дзе вучні даглядалі за прадстаўнікамі 17 відаў жывёл. Пасля ў яго з’яўляецца ідэя стварэння ў Гродне сапраўднага заапарку. Аднак для размяшчэння жывёлаў патрабавалася значна больш месца. Ідэю Яна Каханоўскага падтрымалі ў мясцовым Таварыстве аматараў прыроды. Урэшце, пасля абівання парогаў розных уладных ўстановаў і магістрату, Таварыства аматараў прыроды дамаглося, каб Гарадская Рада сваёй пастановай ад 2 верасня 1929 году перадала пад заапарк велатрэк па вуліцы Станіслаўскага (цяпер Ціміразева). Больш за тое, на просьбу Яна Каханоўскага, Рада выдаткавала 250 злотых на рамонт агароджы будучага заапарка і 350 злотых на перанясенне звяроў і птушак на новае месца.
У 1936 годзе гарадзенскі заапарк налічваў каля 400 экспанатаў, сярод якіх былі такія экзатычныя для Крэсаў драпежнікі як тыгр, леў і леапард. Жыў у заапарку і зубр.
Паколькі заапарк разьвіваўся, дык патрабаваліся тэрыторыі для пашырэння. Таварыству аматараў прыроды не па кішэні было купляць зямлю з маёнтку Станіславова. Тым больш уладальнік маёнтку князь Ян Марыя Друцкі-Любэцкі запрасіў за неабходныя для заапарка 0,4 га ажно 13000 злотых. Нават Рада магістрата вагалася: ці варта выдаткоўваць такую суму грошай. Аднак 23 верасьня 1937 году Рада адзінагалосна дала згоду на набыцьцё тых земляў для заапарка.
Праз шчаслівы выпадак Каханоўскі пазбегнуў расстрэлу ад рук камуністаў у 1941, аднак пад час рэпрэсій фашыстаў супраць гарадзенскай інтэлігенцыі загінуў у наступным, 1942 годзе.
Паводле: Юры Гумянюк Прывід даўніх Крэсаў. Czasopis, 12-2004
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Comments
АВ (госць) - 15.12.2010 - 18:59
наверно не охране птиц 80