Усё па плану: другое яйка ў пустальгі з Гродна 10-04-2011 \ 2nd egg of Kestrel in Hrodna

Здаецца, ў нашых сокалаў з Бернардынскага касьцёла ўсё ідзе паводле плану: сёньня самка адклала другое яйка. Як і павінна была - праз дзень пасьля першага.

У 10:39 калі я падключыўся па відэапатоку, пераше яйка ляжала адно-адзіношанька даволі доўгі час. Я ўжо пачаў хвалявацца - можа што здарылася з самкай?

Але яна вярнулася ў 11:11 і пачала наседжваць: часам спала, часам круцілася, прыўставала і прыгібалася-ўціскалася ў гняздо, хаваючыся так ад моцнага ветру.

Ў 15:23 яна неасьцярожна павярнулася хвастом супраць ветру і яе амаль не скінула з гнязда. Але ўсё абыйшлося і калі яна зьляцела насустрач самцу са здабычай ў 16:42, ў гнездавой ямцы ўжо былі 2 яйкі.

Вярнулася яна толькі праз 14 хвілін і зноў амаль без прыпадыманьняў сядзела на яйках да 19:15.

Праз хвіліну па яе зьлёце, на гняздзе паказаўся самец і падсоўваючы яйкі пад сябе дзюбаю, пасядзеў на іх амаль 2 хвіліны. А яшчэ праз 2 хвіліны на гняздо вярнулася самка. Цемру яны сустрэлі разам: два яйкі і іх мама.

Фотаздымкі

Каментары