Хаця большасць даследчыкаў (ўжо больш традыцыйна) лічаць самымі разумнымі птушкамі розныя віды крумкачовых або папугаяў, ёсць яўна недаацэненыя віды. І першыя сярод іх - амялушкі (Bombycilla garrulus).
Нешмат ёсць не толькі птушак, але і іншыхжывёл, якія чым больш ядуць, тым больш ежы з'явіцца (вырасце) для іх у будучыні!
Што ж робяць амялушкі - за што і атрымалі беларускую назву?
Яны прылятаюць да нас, калі ў іх радзімай тайзе хутка будзе зіма і трымаюцца ад восені да позняй вясны. Там, дзе ёсць амяла, яны налятаюць на яе і ядуць. На ўсход ад Мінску яе яшчэ не так даўно не было і толькі з пацяпленнем клімату яна паціхоньку - дзякуючы птушкам - распаўсюджваецца ў апошнія гады ў тым кірунку.
Калі ж кусцікаў гэтага полупаразіта (бо з дрэва амяла выцягвае толькі воду і мінеральныя рэчывы, а дзякуючы зялёным лістам і стволікам-галінкам арганічныя рэчывы амяла можа і стварае самастойна) на дрэве шмат, іх стане праз год- два-тры яшчэ больш. Амялушкі кепска ператраўліваюць ягады амялы, і тыя амаль некранутымі выходзяць у выглядзе пістоннай стужачкі з іх і выдатна прыліпаюць да галін дрэва. Ну а на наступны год з такой прыліплай ягады вырастае маленькі кусцік, які ўвесь час расце. І калі дрэва не загнецца, знясіленае шматлікай амялой, то будзе кожны з кусцікаў будзе павялічвацца ў памерах нават некалькі гадоў:
Дрэвы, на якіх шмат амялы - выдатна бачна здалёк і летам, не тое што зімой. Таму для птушак знайсці іх не праблема.
Так і атрымліваецца, што амялушкі (і некаторыя нашы дразды) самі распаўсюджваюць сваю ежу. І чым больш яе з'ядаюць, тым большыя шанцы на тое, што яе будзе больш.
Чым не самая разумная стратэгія харчавання?
Гродна, 29-12-2019
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ