Не ведаю чаму дакладна так адбываецца, але многія цікавыя назіранні птушак (калі гэта не зусім рэдкія ці новыя для краіны віды) параўнальна хутка паўтараюцца. (То бок пасля першых назіранняў адбываюцца другія.) Хутчэй за ўсё так атрымліваецца таму, што ўжо адчуваеш розныя ўмовы і нюансы пра гэты від і наваколле, якія і дапамагаюць наступнай сустрэчы адбыцца.
Так атрымалася ў мяне сёлета з авяльгой (Oriolus oriolus), якую нашмат прасцей пачуць, чым убачыць.
Хутчэй высокае, чым старае тутавае дрэва, або шаўкоўніцу (Morus nigra) я 'знайшоў' у горадзе дзякуючы шпакам у 2024 годзе і гэтым летам не чакаў ад яе нічога надзвычайнага. Першыя сёлетнія назіранні за аматарамі чорных ягад пацвердзілі - іх актыўна ядуць шпакі. А вось потым з кожным разам станавілася ўсё цікавей і на сённяшні дзень я адзначыў там ужо 10 відаў птушак, прычым 10-м стала ... авяльга!
Першы раз самец авяльгі прыляцеў і сеў на вяршаліну шаўкоўніцы хаця і зусім нечакана для мяне, але я нават паспеў падняць камеру і каб апарат навёў на яго рэзкасць не хапіла дзесятых доляў секунды. Таксама нечакана як авяльга прыляцела, яна знікла. Але гэта ўжо дало мне надзею на другую спробу і жаданне чакаць яе. Прыкладна праз паўгадзіны птушка вярнулася, але ў гэты раз адляцела яшчэ хутчэй, чым у першы. Здавалася б, выбару не застаецца і варта спакойна чакаць на наступны, трэці яе прылёт. Але самец авяльгі аказаўся больш хітрай мадэллю, чым я б мог спадзявацца) Праз хвіліну-дзве з боку, па краю наднёманскай тэрасы, якая парасла высокімі шырокалісцевымі дрэвамі, амаль чутно, але безпамылкова сталі раздавацца флейтавыя свісты. Прычым не 1-2, а кароткімі серыямі, якія паўтараліся з перарывамі раз за разам.
Таму я разгубіўся і не ведаў што лепш зрабіць: ісці шукаць авяльгу на голас ці чакаць, што яна зноў прыляціціь за ягадамі? Па ранейшаму досведу я ведаў, што нават калі знойдзеш дрэва, з якога спявае авяльга, убачыць яе там шанцаў амаль няма, а мне ж трэба было яшчэ знайсці тое дрэва. І вось у роздумах ісці ці застацца я і правёў пад шаўкоўніцай наступныя некалькі хвілін. І самец прыляцеў у трэці раз! Ізноў сеў у вяршаліну і я не толькі паспеў навесці на яго фоцік, але і зрабіць 5 здымкаў, прычым 5-ы аказаўся ўжо пусты - птушка зноў знікла.
Гродна, 03-08-2026
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ