Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Балотныя чаротаўкі: Галоўнае - ногі і дзюба

Дакументацыйныя здымкі

Бераг Нёмана за т.зв. старым мастом ужо добра зарос вербалозам і там усю другую палову вясны спявалі розныя чаротаўкі, у тым ліку - балотная (Acrochephalus palustris).

На прыканцы чэрвеня аказалася, што спявалі недарма. Аднойчы я заўважыў, як дарослая птушка часта носіць корм у адзін з кустоў вярбы, а потым убачыў і птушанё там. Яно яўна нядаўна выпрыгнула з гнязда. Бо здавалася амаль бездапаможным: без хвосціка (ён у гняздзе непатрэбны), кароткімі і недаразвітымі крыльцамі (але, як аказалася пазней - з іх дапамогай можна пералятаць на невялікія адлегласці!). Затое ногі былі моцнымі і яўна абганялі развіццём усе іншыя часткі цела - акрамя дзюбы. Дзюба таксама вылучалася велічынёй. Ну а што яшчэ трэба, каб выпрошваць корм у бацькоў? Ногі ж спатрэбіліся, каб перабірацца па галінах і надзейна трымацца за іх.

Хутка аказалася, што выпрыгнулі з гнязда і іншыя птушаняты, якіх спачатку стала двое, потым - трое, а праз некалькі секунд - чацвёра адно каля аднаго. Час ад часу яны прасілі есці ў сіблінгаў - ну мала лі, можа пакормяць? Але птушаняты яўна не разумелі якія паводзіны лепш абраць, каб хутчэй атрымаць ежу. Мне падаблося, што дарослая птушка, якая іх карміла і для гэтага лятала паблізу на суседні лужок, рабіла гэта адна і прыносіла нешта зусім невялікага памеру, бо ні разу я не змог убачыць нешта, што б памерамі выступала за яе дзюбу.

Птушаняты то трымаліся разам, то перапорхвалі на суседнія галінкі, каб паспрабаваць апынуцца першымі і адзінымі прэтэндэнтамі на ежу. 

Адзін з малых (перадапошнія здымкі) час ад часу засынаў на сонейку і атды клаў галаву сабе на сінку і заплюшчваў вочы - яўна паводзіў сябе як у гняздзе.

Прыкладна праз тыдзень я ўжо бачыў птушанят з яўна падрослымі хвосцікамі і крыламі - хутчэй за ўсё яны ўжо распачалі (амаль) самастойнае жыццё недалёка ад месца нараджэння ў суседніх кустах вярбы.

30-06-2020, Гродна

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі