Мінулагодняе месца, дзе я здымаў гілёў да пачатку вясны, спрацавала і гэтай зімой. Штораз, як я прыходзіў туды, там або былі птушкі, або іх трэба было пачакаць і яны прыляталі. Але здымаць іх было цяжка. Па-першае, цёмна, а па другое, пазіравалі яны звычайна нядоўга і адляталі то ў блізкі парк, то яшчэ куды.
І вось па дарозе ў "гілёвае" месца я знайшоў новае!
Здымаць гілей (Pyrrhula pyrrhula) на клёнах яшчэ цяжэй - іх добра бачна, яны асабліва нікуды не адлятаюць бо амаль пастаянна ядуць крылаткі= насенне клёнаў, але мноства галін і ракурс знізу неяк не дазваляе радавацца падобным сустрэчам. Але маё новае месца - асаблівае, таму патэнцыйна шыкоўнае і доўгаграючае. Два не старыя, але ўжо высокія клёны выраслі на крутым беразе Нёмана і калі стаяць на самым версе, то птушкі як раз апынаюцца насупраць цябе або нават ніжэй! Ды і ўраджай быў увосень багаты - хаця вельмі шмат крылатак ужо з'едзена гілямі, шмат яшчэ засталося і такога смачнага ім насення яўна хопіць да вясны.
Адно было кепска - святла было малавата для добрых здымкаў. Але сёння падуў моцны паўночны вецер, які разам з марозам і чарговым снегападам пасля абеду раздзьмуў хмары і аблокі і паказалася сонца!
Калі я падыходзіў да края берага з клёнамі, гілі на ўсялякі выпадак адляцелі. Іх было прыкладна ў два разы больш, чым раней - пад 40 птушак. Аднак я ведаў, што хутка яны вернуцца - так і атрымалася, не прайшло і 5 хвілін.
Паўночны вецер раздуваў параўнальна доўгае пер'е на целе тых птушак, якія сядалі "няправільна", але яны не надта турбаваліся гэтым - сыты не замёрзне!
Працяг будзе.
Гродна, 15-01-2021
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
__________________________-
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў і відэа тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Lighty - 15.01.2021 - 21:41
Якія прыгожыя колеры…
Якія прыгожыя колеры атрымаліся!
pva - 16.01.2021 - 13:15
Вельмі добрыя атрымаліся…
Вельмі добрыя атрымаліся яркія здымкі: насычаныя колерам і сонечным святлом ...
Apus - 16.01.2021 - 20:52
З сонейкам вельмі гарманічна…
З сонейкам вельмі гарманічна ўсё выглядае!
Harrier - 17.01.2021 - 00:27
In reply to З сонейкам вельмі гарманічна… by Apus
Вялікі дзякуй, сябры!
Вялікі дзякуй, сябры!