Дакументацыйныя здымкі
Многія нашы птушкі даўно адляцелі на месцы зімоўкі і ўжо 'зімуюць' хто ў Афрыцы, хто ў Паўднёва-Усходняй Азіі ці на Індастане. Прыйшоў час і на крапіўнікаў (Troglodytes troglodytes), але на тых, хто не збіраецца ляцець далёка, каб там зімаваць, а на тых з іх, хто зімуе побач месцаў гнездавання ў лясах і перабіраецца бліжэй да бягучай вады. Тут, у кустах і часам у трыснягу, яны і правядуць наступныя амаль паўгады.
Таму трэба не прагадаць і не прапусціць час, калі пачнуцца першыя маразы, знайсці насякомых і павучкоў у лесе стане значна цяжэй і іншыя крапіўнікі займуць найлепшыя ўчасткі з высокай расліннасцю па берагах ручаёў, рэчак і рэк. Першага такога 'перасяленца' я сустрэў 12.10 на беразе Гараднічанкі, дзе ён гучным стракатаннем абвяшчаў, што кусты навокал - гэта яго тэрыторыя і новы гаспадар ужо дома)
А праз 5 дзён, ужо на беразе Нёмана, я назіраў сапраўдную пагоню з высокім і непрыемным свістам, які нячаста пачуеш ад крапіўнікаў. Адзін з іх хвілін пяць стараўся прагнаць другога з шыкоўнай палоскі высокіх кустоў вярбы, якая працягнулася ўздоўж вады метраў на 30.
Зразумела, што такую вялікую прастору маленькі, нават супер-актыўны крапіўнік не ў стане кантраляваць нават калі вельмі захоча. І ў выніку яна будзе падзелена, як і ў мінулыя зімы, паміж 3 ці нават 4 птушкамі. Але як даведацца што зможаш і на якой тэрыторыі, калі не спрабаваць?
12 і 17.10.2021, Гродна
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 20.10.2021 - 13:07
Добра, што ўзімку яны не…
Добра, што ў зімку яны не адлятаюць у вырай. Што напаўняюць і дапаўняюць (разам з зімуючымi відамі) сумную зіму сваёй прысутнасцю і прыемным галаском...