Хаця моцны вецер хутка змяняў сонечную пагоду на дождж і наадварот дзве вялікія драпежныя птушкі, якія ляталі над Нёманам, здавалася, не звярталі на гэта ніякай увагі.
Вельмі магчыма, што два (ці будучая пара?) маладых арлана-белахвоста (Haliaetus albicilla) правяралі свае лётныя магчымасці і дэманстравалі іх адно аднаму задоўга да таго, як змогуць размнажацца. Бо становяцца полаваспелымі толькі ў 5-6 гадоў.
Мяркуючы па агульнай афарбоўцы пер'я, гэта былі або абедзьве птушкі першай, ці то святлейшая - другой сваёй зімы. Аднак вучыцца падбіраць партнёра не бывае зарана, і яны зляталіся і разляталіся, і адзін раз нават прадэманстравалі фігуру вышэйшага пілатажу:
https://youtu.be/6Lp-U5cN0q0
Цікава, што амаль у гэтым месцы з тыдзень таму мы назіралі дарослую пару - птушкі з яе добра адрозніваюцца ад маладых не толькі белым хвастом, але і жоўтай дзюбай і агульна больш светлым пер'ем. Куды яны падзеліся і чаму не рэагавалі на дэманстратыўныя палёты маладых птушак, не зразумела.
Дарослая птушка амаль у тым жа месцы:
23-02-2020, пойма Нёмана ў заказніка "Гродзенская Свіслач", Гарадзеншчына
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ