Балота Грайна гэтай зімой замярзала і адмярзала ўжо як мінімум двойчы. Таму лебедзі-клікуны (Cygnus cygnus), якія звычайна выкарыстоўваюць яго і для начлегу, і для харчавання да марозаў, і зараз там у вялікай колькасці - пад 160 птушак.
Дзякуючы гэтаму атрымалася паназіраць за вельмі цікавымі паводзінамі, якіх раней я яшчэ не бачыў. Але хаця вялікая колькасць птушак, на першы погляд, гэта добра - ёсць мноства магчымасцяў і сюжэтаў для здымак, насамрэч гэта таксама і мінус - амаль паўсюль нешта адбываецца і проста не ведаеш каго здымаць і што там будзе адбывацца далей.
Лебедзі пастаянна перамяшчаліся і па балоту, і адляталі прыляталі на яго. Але некаторыя сем'і пераляталі з нейкім асаблівым і спецыяльным шумам: крыкамі і плюханнем у ваду, уздымаючы воблакі з пырскаў. Ну а потым пачыналася прадстаўленне:
Але што дакладна адбывалася, я так і не зразумеў. Ці то дарослыя птушкі пацверджвалі свой партнёрскі статус, праганяючы іншых дарослых (як на першым відэа), якія падплылі заблізка (а там 'заблізка' адзін да аднаго плавалі многія лебедзі нават і падазраючы што гэта можа быць небяспечна)? Ці то дарослыя лебедзі-бацькі праганялі ад сябе свой мінулагодні вывадак, але маладыя яшчэ не зразумелі, што ім ужо трэба станавіцца самастойнымі? Ці, наадварот, гэта быў сігнал маладым трымацца бліжэй бацькоў? Ці я бачыў усе гэтыя тыпы паводзін, але хачу іх інтэрпрэтаваць толькі праз адзін тып?
Так ці інакш, выглядала гэта вельмі эфектна і з такой экспрэсіяй я крыкаў і прысяданняў з ківаннем галавой яшчэ не бачыў.
Грайна, Бераставіччына, 20-01-2020.
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 23.01.2020 - 12:34
Вельмі цікавыя моманты…
Вельмі цікавыя моманты схоплены. Мне думаецца, што гэта рэпетыцыя "шлюбных гульняў". Пацяплела, трохі даўжэй стаў дзень, і ўсё гэта паўплывала на фізіялогію - невялікі гармональный ўздым ...
Apus - 23.01.2020 - 19:41
Вельмі ўражлівае відовішча…
Вельмі ўражлівае відовішча стварылі лебедзі!