Дакументацыйныя здымкі
Хаця наўрацці склад ежы самцоў і самак гілёў (Pyrrhula pyrrhula) адрозніваецца, усё ж у гэты раз я бачыў толькі самак, таму і адпаведная назва серыі.
Пачалося ўсё на нешырокай вуліцы, залітай некалькімі калужынамі. Пакуль я стаяў і думаў з якога боку лепш пачаць іх абыходзіць, наперадзе і збоку ад мяне на куст каліны прязямлілася самка гіля. Можа я б яе і не заўважыў (як спачатку адбылося з 4 іншымі самкамі ў тым жа месцы - гл. ніжэй), але птушка выразна 'сказала': "Гіль!", села бліжэй да ягад і стала даставаць з іх насенне.
Я здзівіўся, што самка (як у іншы дзень і самец), знаходзіцца без партнёра, бо звычайна пары гілёў ствараюцца на некалькі гадоў. Аднак праз 3 хвіліны аказалася, што ўсё яшчэ цікавей: гэтая самка пераляцела нада мной вуліцу і села на невысокі пенсільванскі ясень, дзе далучылася да 4 іншых самак гіля. Хаця яны і сядзелі параўнальна невысока ад зямлі, аднак моўчкі елі насенне ясеня і таму я іх і не заўважыў адразу.
Вылушчванне насення з плодзікаў пенсільванскага ясеня таксама не працягвалася доўга і ўсе птушкі пераляцелі на вяршаліну старай грушы неадёка ад ясеня, дзе абед працягнулі пупышкамі. Але елі іх не ўсе птушкі і даволі хутка паляцелі некуды далей, часам перамаўляючыся.
Трэба дадаць, што ўсе тры тыпы ежы, якія самкі гіля пакаштавалі за 10 хвілін, даволі звычайныя для іх узімку. Толькі пупышкі яны больш ахвотна ядуць бліжэй да вясны і з яе пачаткам - з аднаго боку да гэтага часу заканчваецца даступнае ім насенне, а з другога пупышкі многіх дрэваў і кустоў як раз пачынаюць павялічвацца ў чаканні вясны і напэўна становяцца больш смачнымі для гілёў)
Гродна, 24-11-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ