Дакументацыйныя здымкі і відэа
Шэрыя вароны (Corvus (corone) cornix), як і іншыя крумкачовыя – вельмі інавацыйныя птушкі ў адносінах да ежы і асабліва метадаў яе здабычы. Аднак толькі на адным з вучасткаў берага Нёмана ў межах горада жывуць вароны, якія час ад часу неяк выцягваюць з вады, адкрываюць і з’ядаюць выключна водных малюскаў – бяззубак (Anodonta). І робяць гэта і зімой, і вясной, і як аказалася – летам. З-за таго, што адбываецца гэта параўнальна нячаста – я знаходжу ўжо адкрытыя і пустыя ракавіны гэтых малюскаў на набярэжнай не часцей за раз на два тыдні і звычайна на тым самым адрэзку берага ракі, я думаю, што гэтак умеюць харчавацца толькі вароны з адной пары і іх патомкі. Бо гэта сапраўды культурная традыцыя пэўных паводзін, якія не перадаюцца генетычна і каб ім навучыцца, трэба зблізку назіраць за ўсімі трэмя стадыямі: убачыць малюска ў вадзе; не баючыся вады, дастаць з яе бяззубку; умець куды і як яе трэба скінуць, каб раскалоць ракавіну і потым з’есці.
Гродна, 27-06-2023
Аўтар – Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ