Працяг. Пачатак – фота-гісторыі І, ІІ і III.
Хутчэй за ўсё немалаважны фактар пад час выбару канкрэтнага месца гнездавання круцігаловак (Jynx torquilla), акрамя канкрэтнага дупла, таксама размяшчэнне дастаковай колькасці мурашнікаў навокал. Справа ў тым, што хаця і іншыя віды нашых дзятлаў любяць харчавацца мурашамі і іх лічынкамі, толькі круцігалоўка не можа харчавацца і не харчуецца нічым іншым (?). Не так даўно аказалася, што гэтыя птушкі з-за змены ў геноме не адчуваюць салодкага смаку, і, значыць, не могуць харчавацца нічым салодкім як больш ці менш часта робяць іншыя дзятлы. І хаця для асобнай круцігалоўкі можа дастаткова і невялікай колькасці мурашнікаў у якасці крыніцы імаго працоўных мурашоў, каб выкарміць іх лічынкамі сваё патомства мурашнікаў патрэбна некалькі. Ну і каб не лятаць за ежай для птушанят невядома куды, лепш каб яны размяшчаліся недзе паблізу ад дупла. Ці прынамсі не вельмі далёка.
Хутчэй за ўсё такая даволі абмежаваная спецыялізацыя ў выбары ежы і прымушае круцігаловак адлятаць на зімоўку ў краіны Міжземнамор'я і далей на поўдзень, дзе мурашы актыўныя круглы год. А параўнальна позняе вяртанне звязана з цыклам размнажэння гэтых насякомых, каб да моманту вылуплення птушанят у круцігаловак іх без праблем можна было карміць лічынкамі - 'кукалкамі' - мурашоў, бо ў адрозненне ад дарослых птушак, наўрацці для гэтага пасуць імаго мурашак, якія атыўна бароняцца - кусаюцца і выдзяляюць едкую мурашыную кіслату.
Звычайна круцігалоўкі-бацькі прыляталі на гняздо з ежай ў сярэднім раз у 5-10 хвілін і паасобку. Але часам здараліся і перапынкі на прыкладна гадзіну, а часам другая птушка прылятала калі першая яшчэ была ўнутры дуплянкі-шпакоўні. Тады прыходзілася чакаць сваёй чаргі перадаць порцыю мурашыных лічынак птушанятам, а заадно і пасядзець побач адна з адной на даху.
З-за таго, што птушкі прыносілі лічынак не аднаго, а рознага памеру, я думаю, што ў іх на прыкмеце былі мурашнікі розных відаў мурашоў, ды і адляталі-прыляталі яны з розных кірункаў, і хутчэй за ўсё, збіралі здабычу ў розных месцах. І часам не адразу ляцелі ў дупло, а сядалі на навакольныя дрэвы і глядзелі што робіцца навокал. Зрэдку і адляталі падобным чынам - з прыпынкам на суседніх з гняздом галінах.
Гродна, 16-06-2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ