Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Як такуюць вялікія бакланы

Адны птушкі яшчэ толькі думаюць калі ім вяртацца з зімоўкі, а іншыя - ужо актыўна такуюць і дэманструюць і выглядам, і паводзінамі, што гатовы размнажацца. Бо нікуды не адляталі і могуць сабе гэта дазволіць.

У вусці безіменнай ручаіны ў в.Дарошавічы, якая ўпадае там у Нёман, і дзе вялікая колькасць выступаючых над вадой рэштак мёртвых дрэваў, вялікія бакланы (Phalacrocorax carbo) трымаюцца амаль увесь час, акрамя зімы. Бо ў 2012 г. пасля пабудовы плаціны ГЭС на Нёмане ніжэй гэтага месца, рака тут штозіму пакрывалася льдом і бакланы трымаліся ніжэй плаціны - там можна было рыбачыць без ледзянога покрыва. Але гэтай зімой Нёман не замярзаў зусім, таму і праблемы трымацца ў іншым месцы для гэтых птушак не было. А з наступленнем лютага ўсё больш бакланаў ператвараліся ў седаголовых джэнтэльменаў з ярка-белай пламай на баку - менавіта так птушкі паказваюць, што яны (ужо) дарослыя і гатовы размнажацца.

Гэтае месца іх адпачынку не праглядаецца з высокага берагу ад вёскі, хаця пастаянныя 'перамовы' добра чутны здалёк. Бакланы - вельмі асцярожныя і да сябе звычайна не падпускаюць 'на адлегласць стрэлу' - яўна ведаюць, што можа зрабіць чалавек. Таму, каб зняць што ў іх там адбываецца, прыйшлося павольна, прыкрываючыся за дрэвамі і кустамі па грэбню берагавога схілу, падбірацца на яго край каб убачыць і зняць іх.

І тут мне пашанцавала - бакланы ў колькасці каля 150 птушак не толькі чысціліся, сушылі крылы і адпачывалі, але і ТАКАВАЛІ! Прычым гэтыя іх паводзіны я назіраў упершыню!

https://youtu.be/jD3lI4H6mF4

 

https://youtu.be/_fzQyTmK_L8

Аднак для столькі пар пільных вачэй цяжка доўга заставацца незаўважным, таму бліжэй да мяне птушкі пачалі зрывацца і гучна шлёпаючы па вадзе, адлятаць. Але саме цікавае я ўжо зняў і не шкадаваў, што бакланы яшчэ раз праявілі сваю асцярожнасць - гэта яўна дапаможа ім выжыць.

14-02-2020, Гарадзеншчына.

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі