Скульптуры з выявай шэрай гусі – Птушкі 2009 году – ўсталяваныя ў Шчучыне

У невялікім, але прыгожым горадзе на Гарадзеншчыне недалёка ад вадаёмаў у любімай зоне адпачынку жыхароў горада і яго гасцей па абапал цэнтральнай вуліцы ўсталяваныя дзве вялікія стылізаваныя драўляныя скульптуры, ў якіх лёгка можна пазнаць гусей.
Цікава, што адна са скульптур знаходзіцца насупраць будынкаў калегіюму каталіцкага ордэна піяраў, дзе з 1785 на працягу двух гадоў выкладаў біялогію наш зямляк, будучы прафесар Віленскага ўніверсітэту і аўтар першых падручнікаў па заалогіі для школ Беларусі (першае выданне выйшла ў 1807г.) Станіслаў Баніфацы Юндзілл (1761 – 1847). Прыемна, што менавіта на Шчучыншчыне, з якой звязана частка жыцця двух самых славутых орнітолагаў, якія нарадзіліся ў Беларусі: заснавальніка беларускай орніталогіі графа Канстанціна Тызенгаўза (1786-1853) і акадэміка Тадэвуша Іваноўскага (Іванаўскаса) (1882-1970), заснавальніка літоўскай орніталогіі, з’явіліся такія своечасовыя скульптуры.

Шэры гусь быў абраны птушкай 2009 году, каб прыцягнуць увагу грамадзкасці да пазасталага толькі ў Беларусі і некаторых рэгіёнах Расіі вясновага палявання на птушак. На жаль, пад стрэлы трапляюць не толькі мігрыруючыя праз нашу краіну белалобая гусь і гусь-гуменніца, але таксама і шэрая гусь (гняздуючая папуляцыя якой не перавышае ў Беларусі 300 пар), і нават глабальна знікаючы від птушак - гусь-піскулька.
Дарэчы, з-за таго, што шэрыя гусі з Расіі практычна не ляцяць праз нашу тэрыторыю, беларускія паляўнічыя з пачаткам восеньскага палявання (з 1 жніўня) маюць легальную магчымасць забіваць і так знікаючых у Беларусі шэрых гусей.

Таму такі напамін аб прыгажосці нашых птушак і крохкасці дзікай прыроды у выглядзе драўляных выяваў гусей вельмі своечасовы.

Да гэтага  помнікі птушкам у Беларусі былі ўсталяваныя ў Баранавічах - дамоваму вераб’ю (Птушцы 2003 году) і куліку-марадунцы – сёлета ў Тураве (пра гэта на нашым сайце можна пагл. тут: .http://www.birdwatch.by/news/218 )

Дзьмітры Вінчэўскі, Горадня- Шчучын- Горадня,
Гродзенскае абласное аддзяленне ГА “Ахова птушак Бацькаўшчыны”

Здымак Ігара Варкулевіча

Comments

Ды наадварот - у полі, таму на свае сайты не заходзяць... Або нашы на наш павалілі - я спецыяльную рассылку рабіў з-за абвестак.