Як "Шалёным перапёлкам" на бёрдрэйсе шчасціла + VIDEO

            Па воле лёсу, а таксама па просьбе жадаючых здарылася мне апынуцца ў складзе каманды “Шалёныя перапёлкі” пад кіраўніцтвам нашага штурмана-капітана Таццяны Смыкоўскай,  вадзіцелем Таццянай Кажан і пачынаючай бёдвочаркай Алесяй Яфімавай. Ну як тут адкажаш дзяўчынам у дапамозе!?       

           І вось наша каманда на старце. Стаім і спрабуем сярод ранішняй цемры убачыць або пачуць першы від. У адказ -  поўнае маўчанне, быццам бы прырода як і мы знаходзіцца на нейкім сваім старце і чакае сігналу каб пачаць жыццё новага дня. Вырашылі рухацца на сваё першае месца назірання – ачышчальныя сажалкі “Азота”. Над імі яшчэ стаяў густы туман. Выходзім з машыны і адразу заўважаем, як з гэтага тумана вырвалася і праляцела над намі качка-крыжанка (Anas platyrynchos) – наш першы від.

Раніца абдавала прахалодай, але мы цярпліва і амаль не зважаючы на холад рухаліся ў глыб паміж сажалкамі, у самы туман.

Пакуль відаў было таксама не багата, але хутка ўсё змянілася. Над лесам ужо ўспыхваў усход.

Сонечныя прамяні прабілі густыя шапкі елак і вызваліліся на волю, асвятляючы нам шлях. Адразу зрабілася неяк цяплей. Зацішша змянілася галасамі птушак. Вось ён, той самы доўгачаканы сігнал! Гэта сапраўды крыху акрыліла і падбадзёрыла нас.

Сажалкі вызваляліся ад туману. На беразе адной з іх нас чакаў прыемны сюрпрыз – чародка баталёнаў (Philomachus pugnax), якія карміліся тут разам з куліком-цякуном (Tringa glareola) і белымі пліскамі (Motacilla alba).

Узрадаваныя, мы не маглі на іх наглядзецца. Ды і яны паводзілі сябе спакойна, нас не палохаліся і падпускалі блізка.

А мы перасяклі сажалкі і адправіліся ў суседні лясок, паназіраць за ляснымі відамі. Тут нас сустрэлі вялікія дзятлы (Dendrocopos major), чорная жаўна (Dryocopos martius), малінаўкі (Erithacus rubecula), крапіўнік (Troglodytes troglodytes).

Лясная дарога нас вывела на пожню. Тут, на ўскрайку лесу, заўважаем лясных свірстуноў, звычайных стрынатак (Emberiza citrinella), драпежніка шуляка-карагольчыка (Accipiter nisus), які спужаў “вераб’іную дробязь” і сеў незаўважна на сухой галінцы высокай бярозы. Але раптам нашу ўвагу прыцягнулі зусім не птушкі. На пожню выбеглі дзве касулі. Яны весела бегалі, скубалі яшчэ зялёныя купіны раслін, а часам даходзіла і да боек:

 А пакуль мы з захапленнем глядзелі на касуль, над галовамі ў бок сажалак пранеслася скапа (Pandion haliaetus). Яшчэ раз аглядзеўшыся, мы зноўку вярнуліся на сажалкі. Раптам на балотцы адной з іх заўважылі трох маленькіх кулічкоў. Прыгледзеўшыся, пазнаем двух малых зуйкоў (Charadrius dubius) і новы сюрпрыз – вялікага кіркуна (Calidris alpina):

Побач плавалі качка-лапаноска (Anas clypeata) і шылахвостка (Anas acuta). Душа радуецца ад такіх відаў! Захапленням няма канца…

Вось бачым як віртуозна палюе над вадой скапа, а потым з рыбай у кіпцюрах адлятае каб дзесьці спакойна паснедаць. Крыху далей чародку шпакоў разагнаў сокал-кабец (Falco subbuteo). Сапраўды не хацелася пакідаць сажалкі. Столькі ўсяго цікавага. Але нажаль час не бязмежны. Сядаем у машыну і едзем на іншае месца, сустракаючы па дарозе новыя віды.

А наперадзе нас чакалі лебедзі-клікуны (Cygnus cygnus) на ТВП Грайна. Сёлета тут гнездавалі аж дзве пары гэтых птушак. І вось яны, дарослыя птушкі разам са сваім вывадкам.

 

Цікава, але побач з намі спынілася яшчэ адна машына, з яе вылезла нейкая дзяўчына, таксама як і мы сфатаграфавала лебедзяў і паехала далей. Відаць лебедзі цікавыя не толькі нам.

Доўга не затрымліваемся і мы. Едзем на Свіслач, на вадасховішча гродзенскай ГЭС. З гэтага часу шукаць новыя віды становіцца ўсё цяжэй.

На вадасховішчы новых відаў бачылі мала, у асноўным чайкі ды крычкі. Падсілкаваўшыся, вырашаем ехаць на запланаваныя апошнія месцы. Да заканчэння чэмпіянату застаецца каля 2-х гадзін.

Цёмная паласа няўдач скончылася дзякуючы Таццяне Кажан, якая заўважыла на ўзбочыне дарогі бяспечна сноўдаючага белага бусла (Ciconia ciconia):

Пэўна яшчэ ніколі ў жыцці мы не былі так радыя гэтай звычайнай птушцы. Гэта быў наш 70-ты від. А я паглядзеў на бусла нават трохі з жалем. Для нас бачыць яго цяпер – свята, а што будзе з ім далей? Застанецца зімаваць, або адправіцца даганяць сваіх адляцеўшых сяброў?

Так ці інакш, фартуна была на нашым баку. На поле паміж вёскамі Тужаўляны і Баяры заўважаем чародку залацістых севак (Pluvialis apricaria),

пад’язджаючы да в. Казіміроўка бачым на чыгунцы шэрых курапатак (Perdix perdix),

а ў далечыні – шэрых журавоў (Grus grus). Едзем на Перасельцы і сустракаем наш апошні від – самку поплаўнага луня (Circus pygargus). Часу застаецца толькі на вяртанне на фініш. Вынік – 75 відаў. Задаволеныя сабой, мы вяртаемся…

Выдатная каманда, добры вынік, шмат прыемных уражанняў, цікавыя віды! Што яшчэ патрэбна? Перамога? Дык усё наперадзе…

P.S. Яшчэ крышку аб прыгодах нашай каманды і пра свае ўражанні аб удзеле ў чэмпіянаце напісала Алеся Яфімава. Прачытаць артыкул пад гучнай назвай "Бёрдрэйс: азарт не меншы, чым у казіно" можна тут:http://greengrodno.info/2013/09/10/5607/

 

Каментары

Harrier - 10.09.2013 - 22:21

In reply to by biot

 Несумненны "плюс".

Дзякуй - цікавы і падрабязна ілюстраваныя назіранні-рэпартаж. Нечакана, што многія тыя ж самыя віды мы бачылі ў розных месцах, а некаторых "вашых" відаў не адзначылі, бо былі там раней ці пазьней вас. 

 

 Дзякуй, Таццяна! Выдатна, што ўсёй Вашай камандзе спадабалася. 

Самыя лепшыя - на Ваш погляд - ўдымкі можна павесіць і ў Галерэі. Там таксама конкурс - на Лепшы здымак з Гонак.