Усходняя Афрыка. Што можна пабачыць за 10 дзен? Частка 1. Аб чым пойдзе гаворка і першыя крокі па афрыканскай зямлі.

Нарэшце і я дабраўся да Афрыкі, штуршком да гэтай паездкі паслужыла парада аднаго знаёмага падарожніка, які аб'ездзіў ну, калі і не паўсвету, то чвэрць дакладна. "Як?!! Ніколі не быў? Усе планы на потым і толькі туды!" - гучала гэта прыкладна так. Так я і зрабіў, так і адбылося для мяне першае знаёмства з раней невядомым цудоўнм светам афрыканскай прыроды. І так, Усходняя Афрыка, Кенія, верасень 2017 года.  На заглаўным фота - панарама на Вялікую Рыфтавую даліну - адзін з цэнтраў зараджэння чалавецтва.

 

Краявід

Забягаючы наперад, назаву галоўныя кропкі нашай вандроўкі: Найробі - нацыянальны парк Масаі Мара (саванна з бушам) - нацыянальны парк Найваша (салёнае возера з наваколлем) - нацыянальны парк Накуру (прэснае возера з наваколлем) - Маліндзі (населены пункт на ўсходнім узбярэжжы ў амаль "нетурыстычнай" зоне. Менавіта ў такім парадку і паспрабую зрабіць фотахроніку гэтага ва ўсіх адносінах цудоўнага падарожжа.

 

Краявід

"Культурная"саванна, якая выкарыстоўваецца ў якасці пашы для дамашняй жывёлы. Нягледзячы на даволі-такі моцны прэсінг, першыя нашы сустрэчы з дзікім афрыканскім жыццём адбыліся менавіта тут. Дарэчы, у Кеніі ўсе, што не адведзена пад нацыянальныя паркі і не ахоўваецца, тым альбо іншым чынам выкарыстоўваецца, у асноўным пад пашу альбо вырошчванне розных культур. Нічога не зробіш – вынікі дэмаграфічнага выбуху.

 

Птушка

Узамбірскі барбет Trachyphonus usambiro – адна з першых напатканых у саванне птушак, аказалася вузкаарэальным глабальна знікаючым відам, які сустракаецца на абмежаванай тэрыторыі ў Кеніі і Танзаніі.

 

Птушка

Дарэчы, паводзінамі ен нагадвае нашага малога дзятла, першапачаткова мы і палічылі яго за нейкі дробны від гэтага атрада, пакуль не падыйшлі бліжэй і не разгледзелі птушку ў бінокль.

 

Краявід

На першы погляд гэтыя дзіўныя ўтварэнні на калючых галінках хмызнякоў і невялікіх дрэў можна прыняць за незвычайныя плады альбо вынікі нейкага захворвання.

 

Мурашнік

На самай жа справе гэта ні што іншае, як сотні і тысячы мініяцюрных мурашнікаў - у кожным свая сям'я – па некалькі домікаў на галінку, і такіх дрэў поўная саванна, наколькі хапае вачэй!

 

Птушка

Чарговы прадстаўнік мясцовай арнітафауны адносіўся ўжо да больш звычайных відаў, а яго знешні выгляд даваў падставы аднесці яго да мясцовых рудахвостак. Так яно ў выніку і аказалася – капская ерчыкавая рудахвостка Cossypha caffra, адзін з прадстаўнікоў афрыканскіх драздовых. Дарэчы, для большасці трапічных жывёл і птушак беларускіх назваў у прынцыпе не існуе, так што загадзя прыношу прабачэнні за творчы падыход і месцамі крыху вольны пераклад гэтых назваў з ангельскай. У ёй назвы ёсць для ўсіх!

 

Птушка

Чорнавухі ткач Ploceus baglafecht – шырокараспаўсюджаны прадстаўнік сямейства, які трымаецца невялікімі чародамі, але гняздуецца асобнымі парамі. Самец, а на здымку менавіта ён, будуе некалькі шарападобных гнёздаў, адно з якіх выкарвстоўваецца непасрэдна для вырошчвання птушанят, а іншыя – для адпачынку і начлегу.

 

Птушка

Самка гэтага віду выглядае больш экстравагантна за самца, ва ўсякім выпадку, на мой погляд.

 

Птушка

Ну, а маладая птушка, як і воздіцца, афарбаваная больш сціпла.

 

Расліна

Звыклыя усім нам алоэ, якія выроўшчваюць на вокнах у якасці дамашніх раслін, у сябе на радзіме выглядаюць вось такім чынам.

 

Краявід

А малачаі, якія таксама часам можна сустрэць у кватэрах і офісах, нават і пазнаць складана - гэта магутныя дрэвы, якія часам утрвараюць цэлыя зарасці.

 

Жывёла

Гэтыя невялікія памерам з труса траваедныя звяркі знешне вельмі нагадваюць марскую свінку-пераростка. Дарэчы, першы час пасля адкрыцця ў 18 стагоддзі іх памылкова адносілі да грызуноў. Аднак больш падрабязныя далейшыя даследаванні далі падставы выдзеліць іх у асобны атрад даманы Hyracoidea, які ў філагенетычным плане бліжэй за ўсё да сірэн і хобатных. Так што, негледзячы на такі выгляд, даман – дальні сваяк сланоў і мамантаў.

 

Жывёла

А вось гэта ўжо сапраўдны грызун, праўда, невядома якога віду і нават сямейства. Адно магу сказаць дакладна – памерамі амаль з пацука, самец. І ў першым і ў другім я ўпэўнены – сказваецца шматгадовы натуралістычны досвед!

 

Вусень

І яшчэ адзін "звер", які сустрэўся нам падчас кароткага прыпынку "каб размяць ногі" па дарозе ў Масаі Мара. І гэта ўсяго гадзіна ў саванне, і, заўважце, не дзікай, а "культурнай"! Падарожжа абяцае быць захапляючым!!!

Працяг, або Другая частка ТУТ

 

Кропка назірання

Усходняя Афрыка. Што можна пабачыць за 10 дзен? Частка 1. Аб чым пойдзе гаворка і першыя крокі па афрыканскай зямлі.

Каментары