Усходняя Афрыка частка 2. Масаі Мара, птушкі

Пачатак ТУТ

Масаі Мара – тэрыторыя, памежная ва ўсіх адносінах. Параўнальна невялікі па плошчы, крыху больш за 1500 квадратных кіламетраў, гэты нацыянальны парк знаходзіцца на паўднёвым захадзе Кеніі, на краі Вялікага Афрыканскага разлому і прымыкае да мяжы з Танзаніяй, дзе адразу ж пачынаецца значна буйнейшы сусветна вядомы парк Серэнгеці. Негледзячы на адносна невялікую плошчу, Масаі Мара выконвае важную ролю ў штогоднай міграцыі капытных, значна пашыраючы працягласць экалагічнага калідора.

 

птушка

Нават і не ведаю, як сказаць па-беларуску. Калі перакласці ангельскую назву гэтага бусла, то атрымаецца бусел, у якога шыя пакрытая воўнай, лацінскую – бусел-епіскап Ciconia episcopus. Увогуле, абедзве гэтыя назвы вельмі ўдалыя, так што, нахай будзе “епіскап з ваўнянай шыяй”. Гэты бусел – бадай што, адзіная птушка, з вызначэннем якой у нашага мясцовага гіда выйшла непаразуменне – назіралі мы яго першапачаткова з даволі далёкай адлегласці і быў ён заяўлены як бусел чорны. Так, менавіта наш чорны, які сустракаецца ў гэтых мясцінах на зімоўцы. Есць там і яшчэ пару чорных відаў, але ўсе яны не маюць такой цудоўнай белай ваўнянай шыі. Так што, прыйшлося мне ўступіцца за нашага чорна бусла. Канчаткова перважыў той аргумент, што я з’яўляюся прадстаўніком краіны, якая ўтрымлівае кантрольны пакет па гнездаваннюю чорнага бусла ў самым “Сэрцы Еўропы”, і спрэчка завяршылася поўным кансэнсусам.

 

Птушка

Назва гэтай птушкі Corythaixoides personata таксама звязана з шыяй, а дакладней, з горлам, толькі яно ўжо не ваўнянае, а проста голае. А яшчэ ён бананаед!  Хаця мне больш пасуе яго другая анегельская назва Go-away-bird альбо птушка ідзі прэч.  Назва вельмі ёмкая – заўважыўшы ў саванне драпежніка альбо чалавека, гэтыя птушкі падымаюць гучны лямант, за што антылопы і зебры мусяць ім быць вельмі ўдзячнымі.

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

Рагаты кафрскі крумкач на самай справе ніякі не крумкач, ён увогуле не мае дачынення да воранавых. Гэта своеасаблівая птушка-насарог, прычым наземная Bucorvus leadbeateri. Увогуле ва Ўсходняй Афрыцы вельмі многа відаў птушак-насарогаў, так што іх нават падзяляюць на некалькі экалагічных груп: лясныя (з лясістых тэрыторый, з заходніх лясоў і з вялікіх лясоў!), бушавыя і, адпаведна,  наземныя. Апошнія з’яўляюцца сапраўднымі прыбіральшчыкамі саванны – з’ядаюць усё, што трапляецца на іх шляху – ад пладоў і насення да дробнай жыўнасці і мяртвечыны, калі што застанецца пасля грыфаў і шакалаў з гіенамі.

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

Шэры афрыканскі тока Tockus nasutus – таксама птушка-насарог, ужо больш адэкватная, з “лясістых”, але сустракаецца і ў саванне пры наяўнасці там дрэў.   Гэтая парачка нас зусім не баялася, але дазваляла назіраць за сабой толькі праз галіны вялікага куста, на шчасце голага, без лістоты. Так і кружыліся мы з імі вакол куста некаторы час – людзі на машыне па вялікай акружнасці,  птушкі па галінках – па малой, але так, каб куст увесь час заставаўся паміж намі. Трэба адзначыць, што людзей, якія сядзяць у машыне, мясцовая жыўнасць цалкам (альбо амаль цалкам, як у гэтым выпадку)  ігнаруе.  Варта ж толькі выйсці – усе адразу разбягуцца, ну, альбо нападуць, як каму пашанцуе. З гэтае нагоды выходзіць з машын у нацыянальных парках катэгарычна забараняецца. На здымку самец.

 

Птушка

Самка

 

Птушка

Афрыканская кольчатая туркаўка Streptopelia capicola ад еўрапейскай практычна не адрозніваецца, ну, хіба што жыве ў Афрыцы, прычым сутракаецца не толькі ў населеных пунктах, але і ў саванне, дзе яе даволі гучнае варкатанне з’яўляецца фонавым гукам.

 

Птушка

Вельмі дальні экзатычны сваяк нашых гілёў – пурпуровы грэнадзер Uraeginthus ianthinogaster.

 

Птушка

Як толькі крыху развіднее, да сваёй ранішняй работы прыступаюць пярнатыя прыбіральшчыкі. Менавіта дзякуючы ім ад рэшткаў начных львіных оргій літаральна праз некалькі гадзін застаюцца толькі скура ды косці. На здымку самы распаўсюджаны з санітараў саванны беласпінны афрыканскі грыф Gyps africanus. Умоўна белую спіну маюць толькі дарослыя птушкі. Маладыя грыфы афарбаваныя ў аднастайны буры колер.

 

Птушка

Набіўшы страўнікі, грыфы, зразумела, калі змогуць падняцца ў паветра, разлятаюцца па навакольных дрэвах і доўгі час нерухома сядзяць, ператраўліваючы ежу.

 

Птушка

Яшчэ адна з птушак-падальнікаў – грыф Руппеля Gyps rueppellii. Увогуле,  прадстаўнікоў роду Gyps у нас прынята называць сіпамі, па-ангельску ж практычна ўсе, за рэдкім выключэннем, падальнікі называюцца Vultures. Так што, паўтаруся, называючы афрыканскіх птушак па-беларуску, я часам магу быць не вельмі дакланым, пры такіх абставінах нам дапаможа латынь.  І так, грыф Руппеля. Негледзячы на даволі шырокі арэал, у Масаі Мара сустракаецца значна радзей за папярэдні від (на здымку слева зверху).

 

Птушка

Torgos tracheliotus, даслоўна з ангельскай “грыф з тварам у складках” альбо вушаты грыф – самы буйны і самы рэдкі з тутэйшых грыфаў.

 

Краявід

 

Птушка

Нільская альбо егіпетская гусь Alopochen aegyptiacus.  Яшчэ ў XVIII стагоддзі ў якасці дэкаратыўнай птушкі была завезена ў Еўропу, а ў наш час адзічэўшыя нашчадкі тых нешматлікіх птушак у некаторых краінах утварылі ўстойлівыя папуляцыі, што, як вядома, вельмі і вельмі не спрыяе абарыгеннай фауне. Някепска гэты від адчувая сябе і на гістарычнай радзіме. Ва ўсходняй Афрыцы сустрэць яго можна амаль паўсюдна, дзе ёсць хоць крыху вады.

 

Птушка

 

Птушка

Самы буйны з афрыканскіх дропаў – дроп Коры Ardeotis kori, самцы гэтага віду могуць дасягаць вагі 19 кілаграмаў,  што аж не 5 кіло перавышае рэкорд еўрапейскіх дропаў! Самкі, як і мусіць быць, выглядаюць значна больш сціпла. Дроп, як кажуць, і ў Афрыцы дроп, а таму проста абавязаны быць асцярожным. Не склаў выключэння і гэты экзэмпляр. Негледзячы на даволі вялікую адлегласць, пры з’яўленні нашай машыны, самы буйны прадстаўнік афрыканскіх лятаючых птушак палічыў за лепшае пакінуць давераную яму тэрыторыю. Праўда, рабіў ён гэта не спяшаючыся, з пачуццём уласнай годнасці, ды яшчэ час ад часу збіраў пад нагамі нейкую ежу!

 

Птушка

 

Птушка

Гэты дроп, чорнапузы, Eupodotis melanogaster практычна ў два разы драбнейшы за папярэдняга і даволі шматлікі – на працягу дня ў адкрытай саванне мы сустракалі яго некалькі разоў. Як і належыць дропам, таксама асцярожны, ды й трымае сябе так жа паважна.

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

Пеўчы хмызняковы жаўрук Mirafra cantillans спявае, не ўзлятаючы ў паветра, з прысады. Праўда, песняй яго вакальныя практыкаванні назваць складана – караценькія скрыпучыя гукі, якія выконваюцца адзін за другім з роўнымі інтэрваламі. Нават дзіўна, чаму ён атрымаў такую ангельскую назву! Але ж артыстызм і самазабыццё, з якім усё гэта выконваецца, цалкам кампенсуюць недахоп вакальнага майстэрства.

 

Птушка

 

Краявід

Рака Мара – менавіта ў яе гонар названы гэты нацыянальны парк. Ну і, зразумела, у гонар масаяў, народа, які насяляе гэтыя мясціны.

 

Птушка

На першы погляд, два гэтыя зімародкі мала чым адрозніваюцца паміж сабой, ды і ад нашага, еўрапейскага таксама. Але гэта толькі на першы, калі прыгледзецца, адрозненні ёсць, і даволі прыкметныя.  Хаця, калі быць сумленным, афрыканскага маленькага зімародка Ispidina picta я некаторы час трымаў за малахітавага, які прадстаўлены на наступным здымку – адлегласць вялікая, час назірання літаральна некалькі секунд, ну, а потым – новыя сустрэчы і новыя ўражанні. Толькі дома, апрацоўваючы фатаграфіі, разабраўся, што гэта не толькі іншы від, але нават і іншы род. Заадно высветліў, што гэта адзін з самых дробных зімародкаў увогуле – памерам з вялікую сініцу без хваста, не болей.

 

Птушка

Малахітавы зімародак Alcedo cristata сустракаўся нам некалькі разоў у розных біятопах – ад сухой саванны з невялікай ручаінкай (думаецца, што ў сезон дажджоў яна не такая ўжо і малая) да ўзбярэжжа Індыйскага акіяна.

 

Птушка

Чорнагруды арол-вужаед альбо змяіны арол Circaetus pectoralis – даволі шматлікі пярнаты драпежнік з вялікім арэалам, які ахоплівае амаль усе адкрытыя, парослыя рэдкімі дрэвамі, прасторы Афрыкі. Рацыён у яго значна шырэйшы, чым у еўрапейскага сабрата – акрамя традыцыйных змей і яшчарак у яго уваходзяць амфібіі, там дзе іх можна знайсці, дробныя млекакормячыя, бесхрыбетныя, птушкі і нават кажаны.

 

Птушка

 

Птушка

Калі зрабіць даслоўны пераклад з ангельскай, то гэта – “жоўтаваллёвы доўгі кіпцюр”  Macronyx croceus  (згадзіцеся, амаль як індзейскае імя), а адносіцца ён да шпаковых свірстуноў! Ну, тое, што гэта ўсё ж свірстун, я здагадаўся адразу, а вось пра шпаковага даведаўся крыху пазней, з Інтэрнэту. Спадабаўся ён мне з першага погляду – прыгожы, фотагенічны, пластычны, зусім не асцярожны і з задавальненнем пазіруе перад камерай. А знайсці Кіпцюра зусім нескладана – шукайце ў саванне адносна вільготны ўчастак з зялёнай травой, пажадана яшчэ, каб непадалеку пасліся зебры альбо гну, і ён ваш!

 

Птушка

 

Птушка

 

Краявід

Тыповы краявід Масаі Мара. Калі прыгледзецца, то ў кроне дрэва можна заўважыць бананаеда “Ідзі прэч”, які пільна назірае за парадкам у саванне.

 

Птушка

Баявы арол Polemaetus bellicosus альбо проста “маршал”, як яго тут называюць, –  адзін з буйнейшых прадстаўнікоў пярнатых драпежнікаў Афрыкі. Ён пераважна сустракаецца на адкрытых мясцінах, даволі шматлікі, убачыць яго можна нават і ў сельскагаспадарчых угоддзях.

 

Птушка

Маладая, ўжо амаль самастойная, асобіна маршала каля гнязда. Суседам яе з’яўляецца цудоўны шпак Lamprotornis superbus, якіх мы яшчэ ўбачым у поўны, як кажуць, рост і ва ўсёй прыгажосці. Можа жыве ў тым жа дрэве, а можа проста завітаў у госці  – баявыя маршалы шпакоў не  крыўдзяць!

 

Птушка

Ну і, нарэшце, самы звычайны з арлоў Масаі Мара – арол-скамарох Terathopius ecaudatus. Менавіта так, але чамусьці па-французску гучыць яго ангельская назва – Bateleur. Дарэчы, літаральна ўсе драпежныя птушкі, якіх нам удалося назіраць ў Масаі Мара, сядзелі – хто на зямлі, хто на дрэвах.  Можа сказалася надвор’е і не было тэрмічных патокаў, а можа ў іх там проста так прынята, але за ўвесь час мы так і не ўбачылі ніводнай птушкі ў паветры.

 

Птушка

 

Птушка

Надвор’е падчас нашага візіту ў Масаі Мара было не зусім афрыканскім, ва ўсякім разе, як яго могія сабе ўяўляюць.

 

Птушка

З 13 відаў папугаяў, якія, згодна вызначальніку, сустракаюцца ва Ўсходняй Афрыцы, прычым некаторыя ў значнай колькасці, на вочы нам трапіўся толькі адзін экзэмпляр карычневага альбо Мейеравага папугая Poicephalus meyeri. Гэта і назіраннем цяжка было назваць. З рэзкімі гучнымі крыкамі  нехта на вялікай хуткасці прамалінейна як зімародак, альбо нават як не вельмі таропкая куля, прыляцеў на адзінокае дрэва, пад якім мы прыпыніліся перакусіць і схаваўся сярод густой лістоты. Хаця, калі быць больш дакладным, пад дрэвам мы не перакусвалі, а елі ЛАНЧ – за мяжой, і ў Афрыцы ў тым ліку, ніхто не перакусвае, там усе ядуць ЛАНЧ! І так, адклаўшы ўбок свой недаедзены ланч, я ўзброіўся камерай і пачаў высочваць гэтага “нехта”. Уся аперацыя заняла хвілін пяць – птушку я заўважыў і нават паспеў зрабіць пару кадраў, але як толькі папугай зразумеў, што ён рассакрэчаны, то тут жа, не разважаючы, сарваўся з галінкі і таксама куляй і з гучнымі крыкамі быццам растварыўся ў паветры. Але ўсё ж гэта быў папугай – сапраўдны, дзікі, афрыканскі!

 

Птушка

Птушка-сакратар настолькі арыгінальны прадстаўнік пярнатых драпежнікаў, што выдзелена ў асобнае сямейства з адным відам Sagittarius serpentarius. Усё ў ей ідэальна прыстасавана для палявання на рэптылій – яшчарак і змей – сярод густой высокай травы. Праўда, паляванне на змяю нам так і не давялося пабачыць, хаця сустракалі мы гэтых птушак двойчы. І ў першы, і ў другі раз яны парай (а жывуць сакратары заўжды парай, якую ўтвараюць на ўсё жыццё) прачэсвалі саванну, час ад часу выхопліваючы з травы нейкую драбязу. Акрамя сцэны палявання на змей яшчэ адзін момант з біялогіі птушак-сакратароў застаўся для мяне загадкай – вакол іх увесь час раіліся мухі. Чаму мухі збіраюцца вакол грыфаў альбо, скажам, львоў, зразумела. А вось тут…

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

Еўрапейскага сіваграка, які, згодна мапе ў вызначальніку,  мусіць сустракацца тут паўсюдна, мы так і не сустрэлі. А вось мясцовы від з бэзавымі грудзьмі і доўгім хвастом Coracias caudatа сустракаўся ў саванне даволі рэгулярна. Калі не ўглыбляцца ў дэталі, то і паводзінамі, і манерай трымацца, і метадамі палявання ён вельмі нагадвае свайго еўрапейскага сваяка. Так яно, ўвогуле, і павінна быць…

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

Гэтых птушак называюць буйвалавымі шпакамі Buphagus africanus, хаця сістэматычна да шпакоў яны не адносяцца, а выдзяляюцца ў асобнае сямейства валаклюеў. У плане харчавання валаклюі вельмі вузкаспецыялізаваныя птушкі – пры буйных млекакормячых яны выконваюць ролю сапраўдных хірургаў. Маючы вельмі моцную і вострую дзюбу, валаклюі здабываюць лічынак паразітычных насякомых з-пад скуры жывёл, зразумела, не толькі буйвалаў, але і іншых. Акрамя лічынак птушкі не грэбуць крывёй альбо кавалачкамі скуры і мяса. Такая “аперацыя” хаця і даволі балючая, аднак, у рэшце рэшт, не толькі пазбаўляе пацыента ад паразітаў, але і ачышчае саму рану.

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

Мясцовыя шпакі – прадмет майго асобнага захаплення! Сустракаецца іх у парку і наваколлі чатыры віды (ну, па меншай меры, трапляецца на вочы), усе яны адзін за другога прыгажэйшыя, і ўсе яны, негледзячы на тое, што часам могуць круціцца літаральна пад нагамі, наадрэз адмаўляюцца фатаграфавацца. Нешта накшталт нашай сарокі альбо вароны – як толькі птушка заўважае, што двуногая істота зацікавілася менавіта ёй і, больш за тое, нацэльвае на яе нейкае дзіўнае бліскучае вока, яна ў той жа момант дае дзёру. На здымку цудоўны шпак Lamprotornis superbus з групы бліскучых блакітных шпакоў.

 

Птушка

 

Птушка

Яшчэ адзін прадстаўнік гэтай жа групы – бліскучы доўгахвосты шпак  Lamprotornis purpuropterus альбо шпак Руппеля.

 

Птушка

Афрыканскі карлікавы сокал Polihierax semitorquatus – самы дробны з драпежных птушак Афрыкі. Паводзінамі падчас палявання вельмі нагадвае грычуноў – птушка садзіцца на вершаліну куста альбо сухую галінку дрэва і ўважліва азірае наваколле, заўважыўшы здабычу, зрываецца з прысады, хапае яе на зямлі альбо ў паветры і зноў вяртаецца на свій назіральны пост. Дарэчы, і спектр харчавання ў гэты сакалоў амаль не адрозніваецца ад “грычуноўскага” – бесхрыбетныя, дробныя рэптыліі, птушкі альбо млекакормячыя. Як і належыць сакалам, сваіх гнёзд не будуе, а выкарыстоўвае старыя пабудовы ткачоў, прычым, пераважна, аднаго пэўнага віду.

 

Птушка

Шэраспінны грычун вельмі нагадвае нашага шэрага грычуна, нават і лацінская назва падобная – Lanius excubitoroides, ну, а далей – крыху складаней:  у ангельскай мове ўсе афрыканскія шэра-чорныя грычуны, а іх там не менш за шэсць відаў, негледзячы на належнасць да таго ж самага роду Lanius, называюцца не грычунамі, а фіскаламі (Fiscal). Так што, калі прытрымлівацца мясцовых традыцый, перад намі шэраспінны фіскал, адзін з буйнейшых прадстаўнікоў роду. Дарэчы, менавіта ён з’явіўся абсалютным рэкардсменам па колькасці сустрэч у саванне сярод вераб’іных птушак.

 

Птушка

 

Птушка

Ну, што тут сказаць? Страус як страус, звычайны, Struthio camelus. Мне яны больш нагадваюць не птушак, а нейкіх дзіўных капытных, толькі на двух нагах. Яны нават і пасуцца часам разам з антылопамі альбо зебрамі. Падчас фотапалявання на гэтых звера-птушак мне пашанцавала заўважыць нейкага мясцовага зайца, які ціхенька сядзеў сярод рэдкай расліннасці, спадзеючыся, што яго ніхто не бачыць. Але надзеі яго не спраўдзіліся – небараку не толькі бачылі, але і, карыстаючыся яго несвядомасцю, ва ўсю фатаграфавалі. Што яшчэ можна дадаць? За ўвесь час назірання за страусамі ніводны з іх нават і не падумаў хаваць галаву ў пясок. І здаецца мне, не таму, што пяску там было малавата, а таму, што яны ўвогуле так ніколі не робяць!

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

Залаты альбо шафранавы ткач Ploceus xanthops шырока распаўсюджаны практычна ў любых адкрытых біятопах Афрыкі – саваннах, сельгасугоддзях, нават балотах – прыблізна ад экватара і на поўдзень аж да мыса Добрай надзеі.

 

Птушка

Афрыканская стракатая пліска Motacilla aguimp зусім як наша, толькі ў Афрыцы жыве і таксама каля людзей. Менавіта гэтая – у самай сапраўднай масайскай вёсцы  – куды ўжо экзатычней!

 

Птушка

 

Птушка

Франкаліны –  род сямейства бажанавых, большасць яго прадстаўнікоў насяляе Афрыку, некалькі відаў сустракаецца ў Азіі. І знешне і паводзінамі франкаліны нагадваюць еўрапейскую шэрую курапатку, на здымку чырвонагорлы франкалін Francolinus afer, шырока распаўсюджаны ва Ўсходняй Афрыцы.

 

Птушка

 

Птушка

Даволі дзіўна бачыць гэтых птушак у “вольных умовах”, для нас яны больш звыклыя на сялянскіх падворках сярод курэй і качак. Тым не менш, як усе мы калісьці былі маленькімі, так і кожная з адамашненых птушак мае карані ў дзікай прыродзе. Так што, знаёмцеся – сапраўдная дзікая цэсарка Numida meleagris, дзічэй і не прыдумаеш. Трымаюцца яны невялікімі чародкамі ў саванне альбо на ўскрайках акцыевых лясоў, дзяўбуць нешта ў траве літаральна як куры. Заўважыўшы небяспеку, вельмі жвава кідаюцца наўцёк і быццам раствараюцца ў зарасцях. Ну і, як і належыць сапраўдным птушкам, пры неабходнасці лётаюць і нават садзяцца на дрэвы.

 

Птушка

 

Птушка

Складваецца ўражанне, што ярка выражанага перыяду размнажэння для некаторых пярнатых жыхароў саванны проста не існуе – венцаносную кнігаўку Vanellus coronatus, шырока распаўсюджаную ў гэтых мясцінах, мы ў адзін і той жа дзень сустракалі на ўсіх стадыях гнездавога цыклу: самак на гнёздах, злеткаў і дарослых птушак без прыкмет гнездавання.

 

Птушка

 

Птушка

 

Птушка

Як і выцякае з самой назвы, малая шчурка Merops pusillus – самы дробны з даволі шматлікіх мясцовых прадстаўнікоў роду.

 

Птушка

 

Птушка

 

Пачатак ТУТ

ПРАЦЯГ:

УСХОДНЯЯ АФРЫКА ЧАСТКА 3. МАСАІ МАРА, ЗВЯРЫ

 

 

 

Кропка назірання

Усходняя Афрыка частка 2. Масаі Мара, птушкі

Каментары

ДзВ (госць) - 25.01.2018 - 19:21

Такія смачныя фота-гісторыі толькі на вялікім маніторы і глядзець!

Усе птушкі надзвычай прыгожыя. Але партрэты арла-скамароха і птушкі-сакратара з распушчаным чубам проста цуд!

Дзякуй за цудоўны працяг.

Дзякуй, за дзіўную экскурсію па Афрыцы. Нібы прайшоў курс па вывучэнні фауны птушак гэтага цудоўнага краю. Такія прафесійныя фатаграфій птушак, бачу ўпершыню, глядзець - адно задавальненне!

ДзВ (госць) - 28.01.2018 - 20:18

Сяргей, супер, дзякуй! Нават цяжка выдзяліць лепшыя фота. Чытаць вельмі цікава. Не бачыў большасць з гэтых птушак у ПАР, трэ ва ўсходнюю  Афрыку  збірацца)

Дзякуй усім за высокую адзнаку! Гэта яшчэ не ўсё - пакрысе падрыхтую і размяшчу здымкі яшчэ з трох кропак, ну і звяры ж розныя будуць акрамя птушак... Дзіма, Паўднёвая Афрыка - зусім іншае, па тым рэгіёне і вызначальнік асобны, я яго ўжо заказаў, чакаю, бо вельмі спадзяюся аказацца там у жніўні-верасні. Думаю, што мусіць атрымацца. Гэта ж Капская заагеаграфічная правінцыя! 

Гэта каментар АВ, не мой) Я калі быў перад сеімнарам і з'ездам з іх хатняга кампутара, заходзіў на сайт як госць і вось што атрымалася)

Зразумела. Дык гэта я так, для падтрымкі размовы. Безумоўна, што пра вялікую розніцу флоры і фауны ў Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёвай Афрыках ведае кожны, хто трымаў у руках падручнік па заагеаграфіі альбо агульнай экалогіі

у ПАР ёсць птушкі і звяры і кенійскія, я паглядзеў мапу, што ў ПАР я пабываў як раз таксама у той частцы, якая адыходзіць да Ўсходня-Афрыканскай як і Кенія. Але наконт раслін ПАР нешта адмысловае: адно з 6 флорыстычных царстваў знаходзіцца тут: Фінбош: Капское флористическое царство – это наименьшее по площади из шести флористических царств мира, и единственное, которое помещается в одном государстве (ЮАР). Оно характеризуется высоким разнообразием растений (8 700 видов) и высоким уровнем эндемизма (68% видов встречаются только в Капской флористической области).Гэта захад ПАР, дзе я не быў

 

 

Зразумела. Вось менавіта туды я і планую трапіць. Калі я быў у Кеніі, то пасябраваўся з дырэктарам турыстычнай канторы, якая гэта ўсё арганізоўвае, ён быў нашым гідам і аказаўся прыкладна такім жа прыдуркам (у добрым сэнсе), як і я сам. У выніку я атрымаў ангажэмент у іх прыватную экспедыцыю, там у асноўным батанікі будуць. А маршрут па ўсім поўдні: ПАР - Намібія - Батсвана - Замбія-Зімбабвэ. Флора унікальная, будзе цікава і па фауне, хаця буйныя звяры з большага паўтараюцца. Карацей, калі з грашыма ніякіх нечаканасцей не ўзнікне, то павінна ўсё атрымацца.