Дакументацыйныя здымкі
Прыкладна з пачатку гэтага стагоддзя за 20 гадоў вялікія галубы (Columba palumbus), да таго выключна лясныя птушкі, паспяхова каланізавалі нашы паселішчы і шмат дзе сталі аднымі з самых звычайных відаў, якія жывуць побач з намі. А першым гэтае дзіўнае тады прыстасаванне вялікіх галубоў да гарадзкога жыцця адзначыў больш за 200 гадоў таму Канстанцін Тызенгаўз (1786-1853), заснавальнік беларускай арніталогіі, пад час вымушанага знаходжання ў Францыі.
Здаецца, што шчыльнасць гнездавання віда ў нашых гарадах працягвае павялічвацца і таму часам гнёзды вялікіх галубоў можна ўбачыць у вельмі нечаканых месцах, мала адпаведных для гнездавання. Менавіта такое гняздо я выпадкова ўбачыў ля сцяны б.піўзавода на беразе ракі. Вышыня размяшчэння ўсяго каля 2 метраў, адлегласць ад ходніка каля 3 метраў. Але ўжо зараз, калі амерыканскія клёны яшчэ толькі квітнеюць, яго было цяжка заўважыць. А калі распусціцца лісце, гняздо з птушкай на ім будзе яшчэ лепш замаскаванае. Ды і ў адрозненне ад вельмі прымітыўных пабудоў, якія добра вядомыя для віда і ў гарадах, і ў лясах, гэтая гняздо выглядае салідным, а на наступны пасля знаходкі дзень птушкі ўсё яшчэ прыносілі на яго гнездавы матэрыял і папраўлялі. Так што ўсё ў іх павінна атрымацца.
Гродна, 20 і 21.04.2023
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
Apus - 22.04.2023 - 21:25
Папрацавалі на славу! Не…
Папрацавалі на славу! Не часта такое тоўстае пабачыш...
Harrier - 22.04.2023 - 23:29
Дзякуй! Вось і мяне гняздо…
Дзякуй! Вось і мяне гняздо здзівіла - акрамя вышыні размяшчэння, канешне)