Чужыя дзеці растуць хутка. Свае - таксама, калі іх рэгулярна карміць.
А вось з гэтым у вялікіх белых чапляў (Egretta alba),якія загнездавалі на знішчаным пад здабычу торфа Святым балоце з адноўленым у апошнія гады ўзроўнем вады, часам не вельмі ладзілася.
Калі мы з Дзмітрыем Якубовічам, дзякуючы якому і атрымался зрабіць усе гэтыя фотасесіі (першая - ТУТ, другая - ТУТ) прыехалі на месца а 6-й раніцы і я схаваўся ў засідцы, дарослая птушка першы раз прынесла ежу птушанятам толькі прыкладна праз 3,5 гадзіны! Гэта значыць, што менавіта на аднаўляемым балоце чаплі хутчэй за ўсё не палююць-не рыбачаць, а лятаюць некуды далей - можа на азёры ці на селгаспалеткі?
Як і іншыя птушкі балот, як толькі дарослым не трэба абаграваць малых, якія хутка растуць і "уключаюць" уласную тэрмарэгуляцыю, гняздо ім становіцца амаль непатрэбнае і птушаняты разбягаюцца з яго ў бліжэйшы трыснёг. І дарослыя кормяць іх ужо там. Таму тое, што самы малодшы затрымаўся на гняздзе і дзякуючы гэтаму атрымалася зрабіць гэтую фота-серыю, канешне, проста моцна пашанцавала.
Гарадзеншчына, 13-06-2020
Аўтар - Сяргей Чарапіца
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ