Апошнія тыдні два было надзвычай холадна як для траўня. І хаця часам было сонца, але хапала і дажджоў. Калі я падыходзіў да т.зв. старага маста праз Нёман, убачыў, як пад ім сядаюць на скошаную траву гарадзкія ластаўкі (Delichon urbica) і вырываюць сухія кароткія травінкі, каб умацаваць гнёзды (хаця шмат дзе можна прачытаць, што так хутчэй робяць ластаўкі вясковыя). А калі падыйшоў да іх бліжэй, то адразу кінулася ў вочы нешта нашмат больш цікавае - на вузкіх выступах адрамантаванай сцяны б. бровара сядзелі і прымалі сонечныя ванны, чысціліся і проста адпачывалі ці грэліся дзесяткі ластавак! Час ад часу іх склад мяняўся, некаторыя адляталі, а некаторыя прыляталі і найбольшая адзначаная мной там колькасць птушак дасягала адначасова 30, хаця часам нехта з іх падаваў кароткі сігнал трывогі і зрываліся ў паветра ўсе, хто там сядзеў. Але ці то сігнал быў памылкай, ці то небяспека хутка прамінула недзе побач, ластаўкі паступова вярталіся і займаліся тым самым:
Я ўжо раней назіраў падобныя паводзіны і нават з больш маштабнай колькасцю птушак і ведаў, што яны робяць: сакрэт адзінай у птушак знешняй, хвастцовай залозы, які птушкі наносяць на пер'е, утрымлівае эргостэрын - провітамін D. Пад уздзеяннем сонечнага святла ён ператвараецца ў вітамін D, і потым, пад час чыстки апярэння, птушкі яго з'ядаюць. А вітамин гэты проста неабходны для нармальнай будовы костак шкілету і абмена кальцыя ў арганізме. Думаю, што менавіта гэтым - своеасаблівым сінтэзам вітаміну D і яго спажываннем і займаліся у першы цёплы травеньскі дзень ластаўкі.
Застаецца пытанне - чаму птушкі раскрывалі і падстаўлялі сонцу пераважна хвост, а не крылы? Думаю, што шырыня выступу, на які яны сядалі для прыняцця сонечных ванн, не дазваляла ім трымацца там з раскрытымі крыламі. Але можа была і іншая прычына.
Гродна, 19-05-2025
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 20.05.2025 - 14:05
У нас поручні маста…
У нас поручні маста металічныя. Я заўважаў таксама, што ластаўкі садзяцца і ўпоперак і ўздоўж на поручань нагрэты сонцам. Мабыць, як вы сказалі, сінтэзуюць вітамін D, і "падаграваюць" хваставую залозу, каб сакрэт быў больш вадкім.