Працяг. Пачатак гісторыі ТУТ і ТУТ
Пасля таго, як маладая шэрая чапля (Ardea cinerea) злавіла за прыкладна 15 хвілін 3 вялікіх укляі, яе жаданне рыбаць далей не знікла. Але калі на трэцюю рыбу спатрэбілася толькі 2 хвіліны, то на чацвёртую ўсе 25. Чапля і выцягвала максімальна ўгару шыю каб бачыць далей, і потым нахілялася амаль над самай вадой, трымаючы галаву пры целе каб знянацку ўдарыць моцнай дзюбай як гарпун з гарматы, але нічога пэўнага паблізу ўсё не было і птушцы раз за разам прыходзілася пачынаць усё спачатку.
Ажно паступова і павольна атрымалася падыйсці на блізкую адлегласць і яшчэ адна ўкляя ўжо ў дзюбе чаплі, а праз некалькі секунд і ўнутры яе.
Здавалася б, добры позні сняданак, які амаль не перайшаў у абед, з’едзены. Аднак чапля працягвала рыбачыць у вусці Гараднічанкі наступныя 15 хвілін перш, чым адляцела.
Вусце Гараднічанкі, 26-06-2023
Аўтар – Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ