Кожны здымак у галерэі нашага сайту з'яўляецца ўласнасцю аўтара, які яго размясціў (калі не ўказана іншае). Для камерцыйнага выкарыстання любога здымка або яго часткі неабходны пісьмовы дазвол аўтара.
Пры некамерцыйным выкарыстанні спасылка на аўтара і сайт абавязковыя. Звяртайцеся да рэдактара:harrier@tut.by па ўсіх пытаннях
Пры выкарыстанні здымкаў у сацсетках, забаронена размяшчаць больш аднаго здымка з фотасерыі на пост, таксама абавязковы надпіс "больш здымкаў тут:" і далей канкрэтны адрас на знаходжанне фота-серыі на сайце.

All these pictures are copyrighted by the authors. Please respect the time and effort spent in shooting them.
If you have any questions or comments, please let us know: harrier@tut.by

Шэрая варона, грэцкі арэх і 50/50

шэрая варона

Была позняя зімовая раніца, калі шэрая варона (Сorvus (corone) cornix) паказалася ў пляжа з грэцкім арэхам у дзюбе. Спачатку яна паспрабавала адкрыць арэх на амаль гарызантальнай галіне на бліжэйшым дрэве. Чаму многія птушкі стараюцца не толькі адкрыць, але і з'есці арэх на дрэвах, я падрабязна пісаў ТУТ. Але нічога ў вароны там не атрымалася і яна зляцела з дрэва з арэхам і прыкладна з вышыні метраў у 5 скінула яго на асфальт. У адрозненне ад папярэдняга разу, калі я ў тым самым месцы назіраў падобную сытуацыю, арэх раскалоўся на дзве паловы.

Варона даволі хутка, акуратна адламваючы дзюбай кавалкі, з'ела змесціва адной палавінкі арэха і падыйшла да другой, якая ляжала недалёка ад першай і побач з газонам. Тут яна на некалькі секунд задумалася і далей адбылося тое, чаго я не чакаў і раней не бачыў: птушка ўзяла палавінку арэха ў дзюбу, адыйшла некалькі крокаў ад края газона, палажыла яе ў невялікую ямку і прыкрыла зверху вялікім лістом!

Для мяне гэта быў шок. Па першае, раней птушкі або цалкам з'ядалі змесціва арэха, або хавалі цэлы арэх. Я і не думаў, што ёсць яшчэ нейкая іншая опцыя. Па другое, гэта была зімовая раніца, а птушка адмовіла сабе ў каларыйнай і ўжо гатовай для спажывання ежы, хаця і з'ела яе палову. Або ўжо была негалоднай, або мела нейкую мэту, з якой і прыхавала палову арэха. І толькі пазней у мяне з'явілася спекулятыўная здагадка - якой магла б быць гэтая мэта.

Я падумаў пра гэтую сытуацыю з пункту гледжання чалавека і атрымалася, што чалавек мог бы так зрабіць - заставіць палову сваёй порцыі - або для свайго дзіця, або для свайго партнёра ці партнёркі. Зразумела, што наўрацці ў варон можа праяўляцца такая моцная патрэба накарміць ужо дарослых птушанят узімку нават каб яны і былі недзе побач. А вось другі варыянт тэарэтычна магчымы, тым больш пары ў варон часта застаюцца нязменнымі на некалькі сезонаў гнездавання і трымаюцца разам і зімой.  І гэта б мела сэнс для падтрымання добрых узаемаадносін у пары.

Але сапраўдная прычына прыхаванай палавінкі арэха засталася невядомай. А на апошнім здымку - схованка вароны - арэх пад лістом.

Гродна, 25-01-2023

Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі