Трошкі больш, чым два тыдні таму на невялікім разнатраўным лужку ў цэнтры гораду я сустрэў пару шэрых курапатак (Perdix perdix) і не ведаў, ці мне радавацца, што яны неяк перажылі тут лета, ці сумаваць, што яны ізноў без вывадку.
І вось аказалася, што я памыліўся, хаця, пасля роздуму думаю, што не ва ўсім)
Лужок той быў другі раз за сезон прыкладна тыдзень таму скошаны і расліннасць толькі нядаўна пачала там падымацца. Таму тое, што я ўбачыў на ім ланцужок курапатак, якія няспешна падымаліся ўверх па пагорку і былі выдатна бачныя, мяне і моцна здзівіла, і моцна ўзрадавала. Бо гэта была не мая даўно знаёмая пара, а паўнацэнны, з некалькіх птушанят, вывадак амаль дарослага памеру птушак!
Як пазней аказалася, сярод іх былі і самец з самкай. Яны амаль не вылучаліся памерамі, але добра адрозніваліся паводзінамі ад птушанят: часта застывалі на адным месцы і назіралі за наваколлем. Моладзь жа памалу рухалася праз скошаныя участкі травяністай расліннасці і няспешна з'ядала нешта дробнае - хутчэй за ўсё насенне. Уся вялікая сям'я прыспешылася толькі аднойчы, калі перабяжала праз дарогу, а потым працягнула харчавацца на тым, што паспела адрасці і застацца пасля пакосаў у цэнтры гораду.
Памыліцца наконт непаспяховай пары два тыдні таму я не мог - такія птушаняты не маглі ў іх вылупіцца і вырасці за гэты час, таму думаю, што я, насамрэч, летам там бачыў 2 пары гэтых птушак, якія з-за невялікай адлегласці паміж месцамі сустрэч прыняў за адну і тую ж. І вельмі прыемна, што хаця б адна з іх змагла паспяхова павялічыць сваю сям'ю, бо наўрацці ім было гэта лёгка зрабіць.
Гродна, 30-05-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ