У самым пачатку лета, пасля працяглага перапынку, я з радасцю ўбачыў сваіх ‘знаёмых’ шэрых курапатак (Perdix perdix). Пасля гэтага на месцы сустрэчы - іх разнатраўным лужку ў цэнтры гораду, за два наступныя месяцы адбыліся і негатыўныя для іх, і пазітыўныя змены. Луг быў скошаны амаль цалкам і я думаў, што курапаткі былі вымушаны перабрацца на бераг Нёмана, бо толькі там травяністая расліннаць доўгі час заставалася некранутай. Ажно выпадкова ўбачыў іх амаль насупраць лужка сярод высокай травы на стромым схіле пад новым замкам.
Але праз нейкі час і туды прыйшлі 'людзі з трымерамі' і скасілі ўжо ўсё навокал. Пасуючых ім месцаў зусім не засталося і я паступова забыў пра знаёмых курапатак да пачатку жніўня.
Адрослая разнастайная расліннасць на іх лужку ўжо добра паднялася і я падумаў, што калі б курапаткі выжылі, то сустрэць іх тут было б вельмі рэальна. І вось крочу праз лужок і чую побач знаёмы ўстрывожаны голас курапатак, якіх яшчэ не бачу. Узлятаць яны не збіраюцца - навошта выдаваць сябе? Таму я прысеў і праз некалькі секунд меў магчымасць трошкі паназіраць за імі і паздымаць з невялікай адлегласці - дарма, што праз расліннасць. Курапатак тут ізноў пара і чарговы сезон яны без вывадка.
Гродна, 14-09-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ