Мне хочацца думаць, што гэтую пару шэрых курапатак (Perdix perdix) я ведаю ўжо другі год запар. Хутчэй за ўсё так яно і ёсць, хаця тэарэтычна магчыма, што гэта іншная пара заняла тэрыторыю тых, каго я ўпершыню ўбачыў тут мінулым летам, а потым неаднойчы назіраў за імі і ўвосень , і зімой. Апошні раз я іх бачыў у пачатку сакавіка і вось - новая, летняя сустрэча!
За гэты час расліннасць на невялікім па плошчы разнатраўным лужку ў цэнтры гораду плошчай каля гектара паднялася, была адзін раз скошана (але не цалкам - прыкладна 12-15-я частка засталася стаяць і можа служыць выдатнай схованкай для курапатак і не толькі) і ўжо пачала адрастаць. Птушак там я заўважыў увечары, калі яны, прыгібаючыся, стараліся незаўважна трымаць бяспечную ад мяне дыстанцыю. Я не стаў ім перашкаджаць - і на "іх" адлегласці мне было добра здымаць. асабліва калі яны супакоіліся і працягнулі харчавацца, час ад часу выцягваючы шыю і назіраючы за наваколлем.
Былі там птушкі і праз дзень. Толькі - як і ў мінулым годзе - без птушанят. Але добра, што самі жывыя.
07 і 09-06-2022
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ