Маладыя дзятлы (акрамя пералётнай круцігалоўкі) з нашых птушак падобнага памеру вылятаюць з гнёздаў-дуплаў аднымі з першых. І ў той час, калі многія вераб'іныя яшчэ дакармліваюць сваіх птушанят, маладыя дзятлы ўжо разлятаюцца ў пошуках саматойнага жыцця, бо дагляд бацькоў (даўно) скончыўся.
Праз дарогу ад нашага дома ёсць невялікі і нестары скверык. Дзятлаў тут дагэтуль я не бачыў, таму калі пачуў з невысокай алычы кароткі крык дзятла, моцна здзівіўся і стаў выглядваць - хто ж прыляцеў сюды і што ён тут будзе рабіць?
Хутка аказалася, што гэта малады вялікі дзяцел (Dendrocopos major) - ён даволі хутка даследаваў алычу, потым - ліпу, потым даўжэй затрымаўся на галінках адной з елак, але наўрацці знайшоў на ўсіх гэтых дрэвах нейкую ежу для сябе больш сур'ёзную за мурашоў. Стала зразумела - птушка маладая і яўна яшчэ не вельмі добра разумее дзе і як шукаць ежу.
І тут пад елкай дзяцел убачыў вялікія (але хутчэй за ўсё пустыя) шышкі! Яго энітузіазм адразу павялічыўся, і, негледзячы на тое, што усё адбывалася на зямлі, дзе тэарэтычна яго магло чакаць шмат небяспек, дзяцел стаў раздаўбліваць адну з шышак:
Калі ж з гэтага нічога не атрымалася, шышка была аднесеная на дрэва і там заціснутая лапаміі так, каб можна было раздаўбіць яе на дрэве. Але ніякай кузні там не было і шышка (гл. апошні здымак), звалілася ўніз)
Але дзяцел быў малады і не здаваўся - падняў яе і прыляцеў на дрэва яшчэ раз, а пасля чарговай няўдачы адляцеў з ёй некуды недалёка:
Я зразумеў, што дзякуючы яго ўпартасці нешта ў яго ўсё ж атрымаецца і заставіў яго "змагацца" з шышкай у самотнасці.
Гродна, 17-06-2021
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ