Я йшоў па беразе Нёмана, як раптам пачуў з кустоў вярбы гучны смутны свіст і не мог паверыць: "Рэмез? Адкуль?"
Ніколі раней я іх тут не бачыў і не чуў. Памыліцца я не мог, і ўсё ж сумненні засталіся. І калі я пачаў шукаць птушку вачыма, раптам 7 іх выляцелі з крайняга куста і адляцелі над вадой. Усе аднолькавыя, светленькія. Хутчэй за ўсё - маладыя птушкі.
Я ўжо паспеў засумаваць, што не паспеў зрабіць ніводнага здымка, як праз метраў 500, ужо з зарасніка трыснягу на беразе, ізноў пачуў знаёмы голас і стаў прыглядацца - ёсць рэмез (Remiz pendulinus), і не адзін!
Не ведаю, ці гэта былі тыя ж птушкі, ці іншая чародка, але адначасова я змог налічыць не менш трох птушак, усе (таксама) былі маладыя, без чорных плям на галаве. Яны актыўна харчаваліся, раздзёўбвалі сцябліны трыснягу і часам лісты і даставалі адтуль невялікіх лічынак, а часам і нейкі раслінны пух - на адным са здымкаў бачны гэты момант. Свісцелі яны вельмі рэдка, за хвілін 10 я пачуў іх яшчэ раз.
Па рознай колькасці карычневага на крылах і спіне бачна, што птушкі хаця і маладыя, хутчэй за ўсё рознага ўзросту. Як і дзе яны аб'ядналіся - невядома. Усё ж стратэгія размнажэння ў рэмезаў такая дзіўная, што падобны рознаўзроставы склад можа і не павінен здзіўляць? )
Нёман у Гродна, 12-08-2021
Аўтар - Дзьмітры Вінчэўскі
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
Каментары
pva - 15.08.2021 - 09:40
Маладыя птушкі зусім не…
Маладыя птушкі зусім не падобныя на дарослых. Можна зблытаць з іншымі маладымі птушкамі. Толькі па голасе можна даведацца. Цікавая сустрэча.