Гнездаванне ў нішах і дуплах забяспечвае птушкам абарону ад драпежнікаў, але далёка не ад усіх. У новым даследаванні, вынікі якога былі апублікаваныя ў амерыканскім навуковым часопісе The Auk: Ornithological Advances, паказана, што часта тоўстыя сценкі дупла і маленькі ляток дапамагаюць, але далёка не заўсёды.
Праф. Томаш Весёловскі (Tomasz Wesolowski) з Вроцлаўскага ўніверсітэту (Польшча) правёў амаль 30 гадоў, вывучаючы розныя віды птушак у Белавескім нацынальным парку. Сярод асаблівых яго зацікаўленняў былі сівыя сініцы (Poecile palustris). За гэты час ён сабраў шмат назіранняў, якія дазволілі яму з іншага боку падыйсці да надзейнасці дуплаў і нішаў для гнездавання гэтых птушак: арнітолаг параўноўваў тыя дуплы, якія былі атакаваныя і “выжылі”з тымі, кладкі або птушаняты ў якіх загінулі па віне драпежнікаў.
Ткаім чынам было знойдзена, што выжыванне гнязда залежыць ад тэхнікі пранікнення, якую выкарыстоўвае драпежнік. Толькі 10% вывадкаў выжывала, калі драпежнік мог пралезьці ўнутр гнязда або трапіць туды іншым спосабам. Нашмат большай (29%) выжывальнасць была ў выпадках, калі драпежнік спрабаваў дастаць птушанят ці яйкі лапай або дзюбай. І найбольшыя шанцы скончыць гнездаванне поспехам былі тады, калі драпежнік хацеў пашырыць ляток або зрабіць яшчэ адну дзірку, каб дабрацца да таго, што ў гняздзе. Атрымалася, што ў сярэднім спробы з’есці птушанят вялікім дзятлам былі паспяховымі ў 60% выпадкаў, тады як лясныя соні (Dryomys nitedula) былі паспяховымі заўсёды.
Гэтыя вынікі дэманструюць абмежаванасць адаптацый: хаця сівыя сініцы і маглі палепшыць поспех гнездавання тэарэтычна, аднак практычна добры выбар дупла дапамагаў пазбегнуць знішчэння гнязда далёка не заўсёды. Маленькія ляткі не дапамагаюць ад дробных памерамі драпежнікаў, і эфектыўныя толькі тады, калі сценкі дупла зроблены не з трухлявай драўніны, а змесціва гнязда знаходзіцца далёка ад лятка – г.зн. дупло мае параўнальна вялікі памер. Аднак у прыродзе сініцы толькі зрэдку выбіраюць для гнездавання глыбокія дуплы, напэўна таму, што яны ствараюць нейкія праблемы для птушанят.
Каб зразумець асаблівасці гнездавання розных відаў дуплагнёзднікаў, праведзены шматлікія даследаванні, у тым ліку параўноўваліся паспяховыя гнёзды і тыя, якія знішчылі драпежнікі. Аднак у гэтых выпадках цяжка параўноўваць фактары, якія прывялі да паспяховасці гнездавання з тымі гнёздамі, якія загінулі. Гэтая работа ўнікальная перш сваім падыходам да параўнання паміж сабой атакаваных рознымі драпежнікамі гнёздаў і камбінацыі фактараў, якія прывялі да гібелі гнёздаў і тымі, якія вытрымалі і з якіх паспяхова выляцелі птушаняты.
Крыніца:
"Failed predator attacks: A study of tree cavities used by nesting Marsh Tits (Poecile palustris) for security" The Auk: Ornithological Advances, www.bioone.org/doi/full/10.1642/AUK-17-51.1
Паводле www.phys.org падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
Здымак Паўла Лычкоўскага
На гэтую тэму:
Памеры гнязда не маюць сувязі з поспехам гнездавання птушак
Вялікая сініца збудавала гняздо вялізарных памераў
Сінія сініцы з Корсікі выкарыстоўваюць ароматэрапію
Вялікія сініцы дапамагаюць абараняцца ад драпежнікаў сваім суседзям
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ