У кратары старога вулкана на адным з астравоў Азорскага архіпелагу нгавукоўцы знайшлі парэшткі і апісалі невядомы для навукі від гіля, які атрымаў назву Pyrrhula crassa. Скамянелыя косткі былі знойдзеныя ў невялікай адтуліне-пячоры, праз якую некалі з вулкана выцякала лава. Птушка знікла колькі сотняў гадоў таму з-за каланізацыі астравоў чалавекам, з якім “прыбылі” таксама інвазійныя віды-інтрадуцэнты жывёл.
Каманда палеантолагаў працавала на востраве Graciosa пад кіраўніцтвам Джузэпе Антоні Альковера (Josep Antoni Alcover) з Mediterranean Institute for Advanced Studies (IMEDEA, CSIC-UIB).
"Гэта першы знойдзены зніклы від вераб’іных на востраве, аднак наўрацці апошні” – сказаў Альковер, сааўтар публікацыі ў спецыялізаваным ў апісаннях новых відаў часопісе Zootaxa.
Новаапісаны від быў найбольшым сярод вядомых прадстаўніком роду і большым за яшчэ пазасталага эндэміка Азораў – азорскага гіля з вострава São Miguel, якому пагражае знікненне з-за інтэнсіфікацыі на востраве сельскай гаспадаркі і звядзення лаўравых лясоў.
Параўнальна кароткая і шырокая дзюба новаапісанага гіля не толькі большая памерамі за вядомых блізкіх відаў з вострава São Miguel або звычайнага гіля, аднак і вышэйшая за іх, і формай больш нагадвае невялікага папугая.
Астравы Азорскага архіпелагу былі каланізаваныя партугальцамі ў ХІІІ ст, аднак іх наведвалі час ад часу вікінгі яшчэ амаль тысячу год таму. Падобна на тое, як гэта адбылося на Мадэйры ці Канарскіх астравах, некаторыя віды жывёл - у тым ліку эндэмічныя віды птушак – зніклі праз параўнальна непрацяглы час пасля з’яўлення на іх людзей і інвазійных відаў жывёл. Людзі вынішчалі і расчышчалі мясцовыя лясы для сваіх пасяленняў і вядзення сельскай гаспадаркі, а чужародныя віды жывёл вынішчалі і саміх птушак, і іх гнёзды.
Акрамя гэтага, інвазійныя віды раслін “дапамаглі” сельскай гаспадарцы змешыць плошчу лаўравых лясоў на востраве на 97% ад часоў яго каланізацыі чалавекам. А менавіта іх насельнікам і быў зніклы від гіля. І хаця парэшткі P. crassa былі знойдзены пакуль што толькі на востраве Graciosa, навукоўцы лічаць, што птушкі маглі некалі насяляць і іншыя астравы архіпелагу.
Крыніца:
J.C RANDO, H. PIEPER, STORRS L. OLSON, F. PEREIRA, J.A. ALCOVER. A new extinct species of large bullfinch (Aves: Fringillidae: Pyrrhula) from Graciosa Island (Azores, North Atlantic Ocean). Zootaxa, 2017; 4282 (3): 567 DOI: 10.11646/zootaxa.4282.3.9
Паводле www.sciencedaily.com (тэкст і малюнак) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На малюнку: галава і чэрап звычайнага, азорскага і новаапісанага віду гілёў
На гэтую тэму:
Невядомы для навукі від соваў некалі знік з-за людзей
Азорскі гіль будзе лепш ахоўвацца
Зніклі назаўжды? Сумны спіс апошняга дзесяцігоддзя.
Топ-10 самых рэдкіх вераб’іных птушак Свету
Еўракамісія нарэшце прыняла Спіс найбольш небяспечных інвазійных інтрадуцэнтаў
Людзі знішчылі больш за 10% усіх відаў птушак Свету, калі каланізавалі ціхаакіянскія астравы
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ