Сучасныя пестыцыды змяншаюць вагу птушак і парушаюць іх арыентацыю

Канадскія даследчыкі даказалі, што два найбольш шырока выкарыстоўваемыя ў сельскай гаспадарцы тыпы сучасных пестыцыдаў прыводзяць да таго, што мясцовыя вераб’іныя птушкі, якія мігрыруюць, не могуць набраць адпаведную для пералётаў вагу і трацяць арыентацыю.

"Мы маем вельмі паважныя доказы таго, што нават у невялікай - выпадкова атрыманай - дозе пестыцыды могуць аказваць сур’ёзнае негатыўнае ўздзеянне на птушак” – сказала Крысці Моррыссей (Christy Morrissey), біёлаг з універсітэту Саскачэвана (Канада). Яе артыкул быў надрукаваны ў часопісе Scientific Reports.

Вучоная даследавала эфекты дзеяння двух тыпаў самых сучасных пестыцыдаў, якія выкарыстоўваюцца ў сельскай гаспадарцы: неанікаціноідаў (neonicotinoids, або скарочана “неонікі”) і арганафасфатаў (organophosphates) для апрацоўкі больш, чым 100 відаў пасеваў і прадаюцца ў выглядзе тузіна розных прэпаратаў.

Неонікамі часта апрацоўваюць насенне перад пасадкай ці пасевам, арганафасфаты выкарыстоўваюць пазней - для апрацоўкі пасеваў.

Вядома, што абодва тыпы пестыцыдаў смяротныя для птушак у вялікай дозе, але Моррыссей даследавала ўздзеянне гэтых хімічных сродкаў у невялікіх дозах.

Тры групы белагаловых зонатрыхій (Zonotrichia leucophrys) атрымлівалі пестыцыды ў невялікай дозе, у большай і кантрольная група не атрымлівала яго зусім. Малая доза неонікаў была эквівалентная колькасці пестыцыда, з’едзенага штодня з чатырмя апрацаванымі ім насеннямі канолы (геннамадыфікаванага рапса) на працягу трох дзён запар. Гэта прыкладна 1% складу харчавання птушкі.

Вынікі былі катастрафічнымі для гэтых звычайных паўночнаамерыканскіх птушак. Праз тры дні “прыёму” малых доз пестыцыдаў птушкі страцілі ў сярэднім 17% вагі цела, тыя, што атрымлівалі іх у большых дозах – “пахудзелі” ў сярэднім на 25%.

Птушкі, якія атрымлівалі арганафасфатныя пестыцыды не трацілі вагу цела, аднак нешта не менш важнае – яны не маглі больш нармальна арыентавацца. Абедзве групы зонатрыхій (з нізкай і большай дозай прэпарату) не маглі вярнуцца назад пасля доследаў. Уздзеянне неонікаў было падобным, але пасля спынення прыему пестыцыдаў гэтага тыпу птушкі праз нейкі час ізноў маглі нармальна арыентавацца ў прасторы.

Агульныя ацэнкі, зробленыя ў 2016 годзе, кажуць пра тое, што колькасць папуляцый мігрыруючых спяваючых вераб’іных птушак зменшылася на 1,5 мільярда асобін пасля 1970 году. Моррыссей кажа, што пестыцыды могуць быць адной з прычын гэтага. "У прыродзе любая з птушак, якая атрымала б падобную дозу, была б ужо мёртвай” – кажа Моррысей.

Цыкл апрацоўкі пестыцыдамі насення або пасеваў часта супадае з часам, калі пералётныя птушкі пачынаюць есці больш, каб назапасіць тлушч для пералётаў.

Неонікі ўжо былі прызнаныя адной з асноўных прычын хуткага знікнення пчолаў. У краінах Еўразвязу іх выкарыстанне строга рэгулюецца, а Health Canada цяпер разглядае іх забарону ў Канадзе.

Паводле www.cbc.ca падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак белагаловай зонатрыхіі з www.hbw.com

 

 

На гэтую тэму:

Пестыцыды зноў забіваюць драпежных птушак

Новае пакаленне пестыцыдаў масава забівае птушак, як раней ДДТ

ЗША абмежавалі выкарыстанне небяспечнага для птушак інсектыцыду