Чаму шулякі – найлепшыя суседзі калібры?

Даўно вядома, што птушкі не размяшчаюць свае гнёзды абы-дзе. Напрыклад, многія віды калібры размяшчаюць свае гнёзды ў групах, аднак да апошняга часу было незразумела - што менавіта прыцягвае іх ў канкрэтныя месцы? Аказалася, што справа ў добрых суседзях.

Гаральд Грыней (Harold Greeney) з 2007 г. працаваў над вывучэннем гняздуючых у Арызоне (ЗША) калібры і зразумеў, што гэтыя птушачкі робяць гнёзды пераважна вакол гнёздаў шулякоў Купера (Accipiter cooperii). Праз 2 гады, Гаральд з сааўтарамі падрыхтаваў артыкул (report) у якім паказаў, што поспех гнездавання калібры з гнёздаў побач з шуляковымі быў большы. Цяпер, у новай публікацыі ў Science Advances, яны ж паказалі чаму так адбываецца.

Самі шулякі не палююць ні на калібры, ні на іх гнёзды – такая здабыча для іх не мае сэнсу і не апраўдвае патэнцыйных энергетычных затратаў (шулякі важаць у пр. 200 разоў больш за калібры). Але дзякуючы гэтаму, калібры могуць хавацца побач з такім параўнальна вялікім драпежнікам ад меншых – мексіканскіх соек (Aphelocoma wollweberi).

Такія ўзаемасувязі вядомыя для цэлага шэрагу відаў птушак – калі від з агрэсіўнымі паводзінамі дапамагае сваім суседзям з больш спакойнымі паводзінамі. Часам гэта дапамагае пазбегнуць некага аднаго віду драпежнікаў. Так, напрыклад, гусі часам гняздуюць паблізу гнёздаў белай савы каб пазбегнуць драпежніцтва пясцоў, якіх совы праганяюць ад сваіх і чужых гнёздаў – калі яны знаходзяцца паблізу. Аднак у некаторых выпадках – як з калібры – цяжка дакладна сказаць ад каго менавіта хаваюцца птушкі ў суседзтве грознага абаронцы-суседа? Таму даследчыкі праверылі некалькі магчымых драпежнікаў параўнальна невялікага памеру: вавёрак, бурундукоў, змей перад тым як вынікі паказалі на мексіканскіх соек – камеры-лавушкі паказалі менавіта іх як самых актыўных драпежнікаў на гнёздах калібры.

Калі ж навукоўцы ўвялі дакладныя каардынаты месцазнаходжання гнёздаў шулякоў і калібры вакол іх, яны спадзяваліся ўбачыць, што сойкі не пранікаюць за нейкі дыяметр вакол гнязда шулякоў каб шукаць там ежу. Аднак усё аказалася больш складана: сойкі пранікалі на тыя часткі дрэваў, якія знаходзіліся значна вышэй гнёздаў шулякоў – апошнія звычайна палююць ніжэй. І Грыней з калегамі знайшоў, што “калібры будуць свае гнёзды ў своеасаблівым конусе пад гнёздамі шулякоў, куды сойкі ніколі не зазіраюць”.

Дзякуючы гэтаму на такіх гнёздах значна большы поспех гнездавання ў параўнані з тымі, якія не знаходзяцца пад патэнцыйнай абаронай шулякоў.

Як дадатковую цікавостку Грыней адзначыў, што гэта першы выпадак падобных узаемасувязяў паміж драпежнікамі і іх ахвярамі, які ўключае толькі птушак.

 

Паводле www.audubon.org (тэкст і здымкі) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

На здымках чорнагаловая калібры (Archilochus alexandri) і шуляк Купера на гнёздах.

 

 

На гэтую тэму:

Добрыя суседзі дапамагаюць птушкам жыць даўжэй

Самцы сініц выбіраюць за суседзяў падобных сабе характарам

Вялікія сініцы дапамагаюць абараняцца ад драпежнікаў сваім суседзям

Палявыя жаўрукі адрозніваюць сваіх суседзяў ад іншых птушак

Гнёзды і нішы абараняюць, але не заўсёды і не ад усіх