Самцы сініц выбіраюць за суседзяў падобных сабе характарам

вялікая сініца

Доўгатэрміновыя даследаванні індывідуальна пазначаных вялікіх сініц (Parus major) ізноў прывялі да цікавых вынікаў – аказалася, што самцы выбіраюць у свае суседзі птушак з падобнымі паводзінамі.

Даследчыкі з Оксфардскага ўніверсітэту (Вялікабрытанія) вырашылі праверыць – ці індывідуальныя асаблівасці птушак маюць уплыў на іх сацыяльнае акружэнне, асабліва на тых, хто жыве побач з іх гняздом? Назіранні праводзілі на працягу шасці паслядоўных сезонаў гнездавання ў папуляцыі дзікіх вялікіх сініц, якія жывуць у лесе Wytham, графства Oxfordshire.

Галоўная аўтарка артыкулу і аспірантка Катэрына Джонсан (Katerina Johnson) тлумачыць: 'Мы знайшлі, што самцы - але не самкі – былі вельмі зацікаўленыя ў выбары іншых самцоў-суседзяў з падобнымі да сябе асаблівасцямі паводзін. Нашы вынікі паказваюць, што сацыяльныя ўзаемадзеянні могуць іграць ключавую ролю ў прыняцці жывёламі важных рашэнняў”.

Знойдзеная тэндэнцыя “аб’ядноўвацца” пад час гнездавання з іншымі падобнымі да сябе самцамі можа быць вельмі важнай пад час абароны тэрыторыі і канкурэнцыі за самку. Такім чынам больш “ціхія” самцы могуць пазбягаць пастаянна знаходзіцца ў стрэсе побач з больш агрэсіўнымі. Аднак для самак падобных паводзін у выбары самцоў для размнажэння не было заўважана і яны выбіралі партнёра на аснове індывідуальных якасцяў самца.

Было паказана, што падобныя “асацыяцыі” самцоў не залежалі ад лакальных умоваў іх навакольнага асяроддзя. Таксама як людзі, жывёлы дэманструюць індывідуальныя асаблівасці паводзін, асноўныя з якіх могуць заставацца пастаяннымі і з часам, і ў розных сытуацыях і могуць лічыцца персанальнымі, або асабістымі рысамі. Даследчыкі праверылі гэта, выпускаючы адлоўленых і пазначаных сініц з вядомымі асаблівасцямі паводзін у новых месцах. Больш агрэсіўныя сініцы актыўна даследавалі новыя тэрыторыі, тады як больш спакойныя птушкі і на новым месцы заставаліся больш асцярожнымі.

Джонсан сказала: “Наша даследаванне можа дапамагчы растлумачыць эвалюцыю асабовых асаблівасцяў і чаму розныя птушкі ў папуляцыі адрозніваюцца паводзінамі. Хутчэй адборам падтрымліваюцца птушкі з рознымі паводзінамі у залежнасці ад таго, каго ты выбіраеш як сваіх суседзяў, чым нейкія адны “найлепшыя”.”

Магчыма, што гнездаванне побач з птушкамі з падобным тыпам асабовасці павялічвае іх шанцы выжыць і заставіць свае гены патомкам.

Крыніца:

Katerina V.-A. Johnson, Lucy M. Aplin, Ella F. Cole, Damien R. Farine, Josh A. Firth, Samantha C. Patrick, Ben C. Sheldon. Male great tits assort by personality during the breeding season. Animal Behaviour, 2017; 128: 21 DOI:10.1016/j.anbehav.2017.04.001

 

Паводле www.sciencedaily.com падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі

Здымак вялікіх сініц Мікалая Вераб’я

 

 

На гэтую тэму:

Вялікія сініцы дапамагаюць абараняцца ад драпежнікаў сваім суседзям

Love over food - Неверагодна: птушкі выбіраюць каханне замест ежы

Канфармізм і нонканфармізм у птушак на прыкладзе вялікіх сініц

Чыжы выбіраюць для пералётаў знаёмую кампанію

Палявыя жаўрукі адрозніваюць сваіх суседзяў ад іншых птушак

ДОБРЫЯ СУСЕДЗІ ДАПАМАГАЮЦЬ ПТУШКАМ ЖЫЦЬ ДАЎЖЭЙ

ПАМЕР ПЕНІСА Ў КАЧАК ЗАЛЕЖЫЦЬ АД САЦЫЯЛЬНАГА АСЯРОДДЗЯ?