Палявыя жаўрукі адрозніваюць сваіх суседзяў ад іншых птушак

   Новае даследаванне паказала, што самцы палявых жаўрукоў (Alauda arvensis) выдатна адрозніваюць песні сваіх суседзяў ад песняў невядомых ім птушак-“прышэльцаў” свайго віду. Апошнія пакуль не маюць сваёй тэрыторыі і таму могуць уяўляць пагрозу для “старых” самцоў, а значыць і іх патомства, таму апошнія павінны быць гатовы як мага хутчэй прагнаць чужакоў.
   Навукоўцы з лонданскага ўніверсітэту Queen Mary вывучалі песні палявых жаўрукоў і параўноўвалі іх структуру. Аказалася, што песні суседніх жаўрукоў утрымліваюць больш падобных сілабаў-фраз, чым іх песні і песні чужакоў. Гэта падобна на людзкія дыялекты.

   Самец палявога жаўрука здольны запомніць асаблівасці песняў кожнага са сваіх суседзяў, дзе знаходзяцца іх тэрыторыі і дзе кожны з суседзяў павінен знаходзіцца.Таму кожны чужы самец імгненна распазнаецца і праганяецца з чужой тэрыторыі.
   Д-р Элодзі Брыфер (Dr. Elodie Briefer), даследчык са Школы біялогіі і хіміі з ўніверсітэту Queen Mary разам з калегамі з універсітэту Паўднёвага Парыжу (Paris South) знайшлі, што птушкі-суседзі звычайна ігнаруюцца самцамі пакуль першыя знаходзяцца ў межах сваіх тэрыторый. Тады як новыя самцы атакуюцца калі апынуцца паблізу чужога гнязда.
Вынікі працы, якая была апублікаваная ў часопісе Naturwissenschaften, таксама кажуць пра тое, што жаўрукі зацята ахоўваюць свае тэрыторыі, якія ўключаюць у сябе не толькі зону вакол гнязда, але і “паляўнічыя” тэрыторыі – месцы, дзе гэтыя птушкі знаходзяць ежу. Месца знаходжання і памер тэрыторыі маюць важнае значэнне для самца, таму што самкі выбіраюць тых партнёраў, якія ўтрымліваюць найлепшыя і найбольшыя тэрыторыі. 
Песня палявога жаўрука вельмі складаная, розныя сілабы-фразы амаль не паўтараюцца не гледзячы на тое, што іх можа быць да 300. Кожны самец мае трошкі іншую песню. 
   Д-р Брыфэр тлумачыць узнікненне мясцовых дыялектаў наступным чынам: “Гэта магло быць падтрымана адборам таму, што для птушак больш бяспечна жыць блізка адна ад адной, але яны павінны мець магчымасць праганяць чужых птушак. Пашыраючы падобнасць лакальнага дыялекту ў сваіх песнях, яны увесь час могуць ведаць, дзе знаходзяцца іх суседзі і хутка распазнаць і прагнаць чужакоў”.

Здымак Кестуціса Чапенаса


Паводле www.birdwatch.co.uk падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі