Пасля трох гадоў без пацверджанных выпадкаў гібелі самых вялікіх драпежных птушак у Свеце ад атручвання свінцом, у лютым гэтага году ажно тры каліфарнійскіх кондара (Gymnogyps californianus) былі знойдзены мёртвымі. Птушкі, ўключна з самкай і яе птушанём з мінулага году, былі дастаўлены ў Peregrine Fund.
Некропсія, каб вызначыць прычыны смерці, была праведзена ў Інстытуце прыродаахоўных даследаванняў заапарку San Diego. Пад час яе рэшткі свінца былі знойдзены ў харчовым укладзе ўсіх трох птушак. Свінцовы шрот забіў стрававод, што акрамя хімічнага атручвання, прывяло да голаду і смерці птушак.
"Гібель гняздуючай самкі і яе вылецеўшага ў прыродзе птушаня – вялікая страта. Аднак для каманды, якая займаецца вяртаннем кондараў у прыроду гэта моцны стымул яшчэ раз заклікаць паляўнічых не выкарыстоўваць свінцовую амуніцыю пад час паляванняў, бо менавіта яна потым становіцца галоўным чыннікам смяротнасці кондараў” – сказаў Крыс Пэрыш (Chris Parish), кіраўнік праекту Peregrine Fund па вяртанні кондара ў Арызоне. "З цягам праграмы па рэінтрадукцыі, нам атрымліваецца даведвацца пра ўсё больш новых выклікаў.”
Мёртвых птушак атрымалася знайсці дзякуючы змешчаным на іх радыёперадатчыкам. У апошнія гады навукоўцы адсочвалі дзённыя перамяшчэнні большасці кондараў. І такім чынам было высветлена, што цяпер птушкі ўсё часцей выкарыстоўваюць у якасці тэрыторый для пошуку харчавання паўднёвую частку штату Юта.
Гісторыя выратавання
У 1982 годзе на Зямлі засталося толькі 22 каліфарнійскіх кондары. На пачатку 1980х распачалася праграма па размнажэнню кондараў у няволі. Цяпер дзікія птушкі жывуць у штатах Арызона, Юта, Каліфорнія і Мексіцы.
Кондары дасягаюць полавай спеласці ва ўзросце каля 6 год і звычайна адкладваюць адно яйка ў год. Іх размах крылаў дасягае 3 метраў, а вага – 14 кг.
Да рэінтрадукцыі, апошняга дзікага кондара назіралі ў Арызоне ў 1924 годзе. Цяпер у гэтым і штаце Юта жывуць 74 птушкі.
"Калі мы ўпершыню выпусцілі кондараў у Паўночнай Арызоне ў 1996 годзе, птушкі пераважна харчаваліся недалёка ад месца выпуску” – распавёў Крыс Пэрыш. – “Цяпер кондары перамясціліся ў Юту і таму нашы партнёры там стараюцца данесці мясцовым паляўнічым неабходнасць ужывання свінцовай амуніцыі, таму што менавіта пад час спажывання падалі падстрэленых паляўнічых відаў жывёл кондары атручваюцца свінцом”.
Peregrine Fund стараецца адлавіць кондараў два разы ў год, каб праверыць узровень атручвання птушак свінцом і тых птушак, якія маюць падвышаны ўзровень гэтага металу ў крыві, застаўляюць на рэабілітацыю.
Ў 2003 годзе дэпартамент па рыбалоўству а паляванню Арызоны распачаў адмысловую праграму па невыкарыстанню паляўнічымі свінцовай амуніцыі, асабліва ў раёнах шчыльнага пасялення кондараў. Праверка ў 2009 годзе паказала, што 85% паляўнічых добраахвотна адмовілася ад свінцовых куль і шроту. Цяпер падобная праграма пачалася ў Паўднёвай Юце. Акрамя адукацыі, для паляўнічых прадугледжана раздача бясплатных купонаў на безсвінцовую амуніцыю.
У Каліфорніі губернатар Арнольд Шварцнэггер ужо падпісаў закон аб выключным выкарыстанні на тэрыторыі штату безсвінцовай паляўнічай амуніцыі ў месцах гнездавання і харчавання кондараў, які пачаў дзейнічаць з пачатку 2008 году.
Арганізацыі-партнёры па выратаванню каліфарнійскага кондара гэта: Peregrine Fund, Arizona Game and Fish Department, Utah Division of Wildlife Resources, Utah Wildlife in Need, Bureau of Land Management, National Park Service, U.S. Fish and Wildlife Service, U.S. Forest Service.
Здымак з www.dfg.ca.gov
Падрыхтаваў паводле www.extrawildlife.com Дзьмітры Вінчэўскі для www.birdwatch.by
На гэтую тэму:
Жыхар штату Кентуккі аштрафаваны за атручванне драпежных птушак
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ