Навукоўцы з Нацыянальнага цэнтра навуковых даследаванняў Францыі (Centre National de la Recherche Scientifique (CNRS)) і Université de Rennes, у супрацоўніцтве з карпарацыяй Airbus, эксперыментальным шляхам знайшлі аптычную ілюзію, якая вельмі эфектыўна адпужвае драпежных птушак ад самалётаў ці ветраных турбін. Гэта вельмі пазітыўная навіна і для ўладальнікаў, лётчыкаў і пасажыраў самалётаў, і для птушак. Апошніх проста менш стане безсэнсоўна гінуць пры сутыкненнях.
Драпежныя птушкі маюць найлепшую астрату зроку сярод усіх сучасных прадстаўнікоў класа, асабліва гэта характэрна для арлоў і сокалаў. Негледзячы на гэта, птушкі не бачаць некаторыя створаныя людзьмі паверхні (напрыклад, празрыстае шкло), альбо не могуць своечасова ацаніць небяспеку свайго набліжэння, напрыклад, да самалёта або лопасцяў ветрака. З-за гэтага птушкі сутыкаюцца з ЛЭП, будынкамі, ветракамі або іншымі нашымі пабудовамі. Толькі паміж 1990 і 2007 гг над ЗША, Канадай і Вялікабрытаніяй адбыліся 94743 аварый самалётаў і верталётаў, прычынай якіх сталі птушкі. У Францыі штогод у сярэднім адбываецца каля 800 сутыкненняў птушак з гражданскімі самалётамі, прыкладна 15% з іх класіфікуюцца як “сур’ёзныя”. На жаль, драпежныя птушкі “адказныя” за аварыі лятальных апаратаў ад 47 да 100% падобных выпадкаў – хутчэй за ўсё з-а іх шырокай распаўсюджанасці і параўнальна вялікіх памераў. Штогадовыя страты авіякампаній з-за падобных выпадкаў у сярэднім ацэньваюцца ў 1,2 мільярды даляраў.
Таму праведзеныя французскімі даследчыкамі шматлікія досьледы вельмі своечасовыя. Яны стварылі больш 300 розных аптычных ілюзій і спачатку праверылі іх уздзеянне на драпежных птушак, якіх утрымлівалі ў няволі. Адна з гэтых ілюзій дзейнічала на птушак вельмі эфектыўна: гэта былі чорна-белыя кругі на белым фоне, якія нагадвалі вялізарныя вочы і якія памалу павялічваліся ў памерах – гэта стварала эфект іх набліжэння.
Пасля гэтага дадзеная аптычная ілюзія дэманстравалася на спецыяльна размешчаных маніторах у “палявых умовах” у аэрапарце Lourdes-Tarbes-Pyrénées. Ён знаходзіцца ў месцы частага наведвання канюхамі-мышаловамі, чорнымі і чорнакрылымі каршунамі. Усяго было зроблена 8800 назіранняў па ўсёй тэрыторыі аэрапарта.
Вельмі хутка аказалася, што птушкі змянілі свае паводзіны і вакол манітораў з адлегласці, з якой яны былі бачныя птушкам, тыя не перамяшчаліся. Эфект адпужвання захоўваўся нават на працягу 5 наступных тыдняў пасля некалькіх дзён дэманстрацыі. Цікава, што шчыльнасць драпежных птушак па-за зонамі паказаў павялічылася.
Таксама аказалася, што гэтыя ж аптычныя ілюзіі падобным чынам адпужваюць крумкачовых птушак, але ніяк не ўздзейнічаюць на дробных вераб’іных.
Такім чынам, знойдзена першае вельмі эфектыўнае і параўнальна доўгачасовае і таннае рашэнне, бязшкоднае для сярэдніх і вялікіх памерамі птушак у месцах высокага рызыка сутыкненняў з імі.
Крыніца:
Hausberger, M, Boigné, A, Lesimple, C, Belin, L & Henry, L. 2018. Wide-eyed glare scares raptors: From laboratory evidence to applied management. PLOS ONE. DOI: https://doi.org/10.1371/journal.pone.0204802
Паводле www.birdguides.com (тэкст і фота) падрыхтаваў Дзьмітры Вінчэўскі
На гэтую тэму:
Птушкі і ветраныя электрастанцыі
Створана сістэма, якая будзе ратаваць арлоў ад сутыкненняў з ветракамі
Перамога арлоў і арланаў: суд у ЗША адмяніў “правіла 30 гадоў”
Ветраныя турбіны маюць кепскі для прыроды колер?
НА ВЯТРАКАХ ГІНЕ ЎСЁ БОЛЬШ ПТУШАК І КАЖАНОЎ
Новае шкло можа зменшыць на мільярды смяротныя сутыкненні птушак з вокнамі толькі ў Злучаных Штатах
Першы абвінаваўчы прысуд супраць фермы ветракоў
Гусі здольныя аблятаць ветраныя электрастанцыі
Птушкі разбіваюцца аб ЛЭП, бо не заўважаюць правадоў
- Увайдзіце ці зарэгіструйцеся каб пакідаць каментары.
КАМЕНТАРЫ